Самыя небяспечныя лятучыя ворагі савецкіх наземных войскаў часоў Халоднай вайны зноў будуць базіравацца на еўрапейскіх базах, каб прадэманстраваць Маскве гатоўнасць ЗША абараняць сваіх саюзнікаў па НАТА.

А-10 пускае ракету Maverick; Wikipedia.org

А-10 пускае ракету Maverick; Wikipedia.org

Пра вяртанне цяжкаўзброеных і браніраваных штурмавікоў А-10 у Еўропу паведаміў сайт Паветраных сіл ЗША ў Еўропе usafe.af.mil.

Упершыню ў Еўропе яны з'явіліся больш за 30 год таму, і галоўнай мэтай гэтых самалётаў заўсёды былі ўдары па танкавых калонах савецкіх войскаў, калі тыя паспрабуюць атакаваць еўрапейскія краіны.

Цяпер адпраўка 12 машын у Еўропу служыць хутчэй дэманстрацыяй — яна мусіць «запэўніць нашых саюзнікаў і партнёраў у тым, што падтрыманне бяспекі ў Еўропе з'яўляецца для нас прыярытэтам», адзначыў генерал-лейтэнант Паветраных сіл ЗША Том Джонс.

А-10 — двухматорны самалёт, які мае невысокую хуткасць і вышыню палёту, але добра манеўруе і надзейна абаронены бранёй. Машына узброеная магутнай шасцірульнай 30 мм пушкай GAU-8 Avenger з хуткасцю стральбы 3900 стрэлаў у хвіліну. Хуткасць снарадаў пушкі пры пакіданні рулі — 1070 м/с, што дазваляе ёй падбіваць і знішчаць пры атаках зверху і з кармы нават сучасныя танкі.

Пушка Avenger штурмавіка А-10; Wikipedia.org

Пушка Avenger штурмавіка А-10; Wikipedia.org

Таксама А-10 можа несці шмат розных тыпаў ракет і бомб, найбольш вядомыя з якіх — тактычныя ракеты паветра-зямля AGM-65 Maverick з лазернымі, электронна-аптычнымі і інфрачырвонымі сістэмамі навядзення.

А-10 паступіў на ўзбраенне ў 1977 годзе, і ягоным бліжэйшым аналагам з'яўляецца савецкі штурмавік Су-25, які выкарыстоўваўся Ваенна-паветранымі сіламі СССР з 1981 года і дагэтуль стаіць на ўзбраенні РФ і постсавецкіх краін. Аднак, калі савецкая машына можа браць на борт каля 5200 кг снарадаў, ракет і бомб, то амерыканскі штурмавік — амаль у 1,5 раза болей. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?