На цырымоніі ўручэння прэмій Амерыканскай нацыянальнай кінаакадэміі ў аб’ектыў камер там-сям траплялі статуэткі, што нагадвалі славуты «Оскар», але былі зробленыя з канструктара Lego.

У гэтым не столькі піяру, колькі лёгкай помсты.

Поўнаметражны мультфільм «Лега. Фільм» паспяхова прайшоўся па свеце — пры бюджэце ў 60 млн даляраў ён сабраў у пракаце за першы ўік-энд 69 млн, а за ўвесь час — 257 млн у ЗША і 211 млн па астатнім свеце. Гледачы і крытыкі ацанілі яго досыць пазітыўна — у 7,8 і 8,3 балы адпаведна паводле IMDb.

Яго прарочылі ў намінанты на «Оскар» за найлепшы мультфільм, але ён атрымаў адно намінацыю на найлепшую песню (здзекліва-ўтапічная «Everything is awesome» непагана прайшлася па чартах). Нагадаем, статуэтку за найлепшую поўнаметражную анімацыю атрымаў «Горад герояў» (ставілі на «Як прыручыць дракона — 2»), а найлепшай песняй прызнаная «Glory» з фільма «Сельма».

Калі сурэжысёр «Лега. Фільма» Філіп Лорд даведаўся пра не-намінаванне, ён апублікаваў у Twitter жарт. «Усё нармальна, я зрабіў свой», — тэкст суправаджаўся карцінкай зробленага з Lego «Оскара».

Жарт Лорда падтрымаў мастак Нэйтан Савая — ён вырабіў дастаткова лега-статуэтак, каб яны траплялі ў кадр не радзей за сапраўдныя «Оскары».

Акрамя таго, «Лега. Фільм» падтрымаў тэлеканал ABC — песня «Everything is awesome» трапіла ў застаўкі каналу падчас трансляцыі ўручэння ўзнагарод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?