Тры мабільных аператары, «МТС Украіна», «Кіеўстар» и «life:) Україна» атрымалі 3G-ліцэнзіі (ІМТ-2000 — UMTS), паведамляе ain.ua.

Адну паласу частот на аўкцыёне за 3,355 млрд грывень (больш за 123 млн даляраў) набыў life:), другую за 2,714 млрд грывень (амаль 100 млн даляраў) выкупіў «МТС», права на трэцюю за блізкую суму атрымаў «Кіеўстар».

3G-сеткі з’явяцца ва Украіне ў бліжэйшыя паўгода.

Першым чынам 3G-сеткамі будуць пакрытыя Кіеў і іншыя гарады-мільённікі. Хуткасць перадачы звестак праз 3G-сеткі складзе як найменей 2 Мбіт/с. Тарыфы пакуль невядомыя, але відавочна, што яны будуць вышэйшымі за 2G-тарыфы.

Канверсія частот ад вайскоўцаў да аператараў пакуль не пачалася, але дамова аб канверсіі мусіць быць падпісаная цягам двух месяцаў пасля аплаты частот. У Адэсе, Кіеве і Львове канверсія не патрэбная, разгортваць сетку там можна ўжо сёння.

***

Дагэтуль ва Украіне дзейнічала толькі адна сетка, што фармальна падпадала пад азначэнне 3G — сетка па тэхналогіі CDMA2000 аператара Utel («Укртэлекам»). Як і ў выпадку беларускага аператара «БелСел», яна патрабавала асобнага абсталявання — спецыяльных версій смартфонаў, якія падтрымлівалі не самыя распаўсюджаныя ў свеце частоты.

Эвалюцыя мабільных сетак і Wi-Fi. Выява getfilings.com

Эвалюцыя мабільных сетак і Wi-Fi. Выява getfilings.com

Разгарнуць 3G-сетку па шырокараспаўсюджанай тэхналогіі UMTS у 2009 годзе ў апошні момант забараніў прэзідэнт Віктар Юшчанка, які лічыў, што канверсія частот пашкодзіць абароназдольнасці краіны.

У Беларусі першая 3G-сетка стандарту UMTS з’явілася ў 2009 годзе у аператара life:), у 2010 годзе 3G падключылі МТС і velcom. Сетка стандарту CDMA2000 дзейнічала ад 2003 года ў аператара «БелСел». У 2015 годзе ў Беларусі мусіць з’явіцца 4G-сетка (LTE), яе стварэннем займаецца інфраструктурны аператар beCloud.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?