Некалі, зусім яшчэ нядаўна, выдавацца ў Расіі, асабліва калі ты беларускі аўтар, што піша па-расійску, было нармальна. Не заганна. Не сорамна.

У Расіі, як у любой краіне свету, былі добрыя пісьменнікі і дрэнныя пісьменнікі. Дрэнных — напрыклад, Сяргея Мінаева ці Аляксандра Праханава — паказвалі па тэлебачанні, кніжкі добрых — то бок Сарокіна, Прылепіна, Іванова, Сайдулаева — ці то палілі на вуліцах, ці то проста не заўважалі.

Мы раздзялялі нашую літаратуру з рускімі — і хай сабе яны ніколі не ставіліся да нас асабліва сур’ёзна (уявіце сабе, як гэта гучала для маскоўскага вуха — «писатель из Белоруссии»), у нас былі прыкладна адны тэмы, адна нуда, адзін постсавецкі боль.

Але ў апошнія гады ўсё змянілася. Прычым, падкрэслю, мяняцца пачало не з палітыкі, а з больш глыбінных рэчаў.

Для мяне асабіста званочкам стаўся раман «Домік у Армагедоне» Дзяніса Гуцко — кніжка пра тое, як малады хлопец паступае ў ваенізаваны атрад і пачынае біцца з людзьмі, якія забудоўваюць горад забаўляльнымі цэнтрамі ды казіно, падымаюць руку на праваслаўны храм.

І вось сам гэты канфлікт, ягоная фабула, выглядаў настолькі ненатуральна, настолькі неадпаведна з тым, што адбываецца цяпер у рэгіёне, у тым ліку з праваслаўем, што пакідала ў роце прысмак ялею. Хіба забудова забаўляльнымі цэнтрамі магчымае ўпоперак праваслаўным іерархам? Вы ўпэўненыя?

У пэўным сэнсе Гуцко быў прадвеснікам звягінцаўскага «Левіяфана», у якім ужо праваслаўны святар патрабуе зносу прыватнага дамка грамадзяніна, каб збудаваць там храм, — параўнайце фабулы і зразумейце адрозненне.

Гуцко, паводле трапнага азначэння аднаго ліберальнага крытыка (чатыры гады таму гэты інстытут, ліберальнай расійскай кніжнай крытыкі, у прынцыпе існаваў), прадэманстраваў ідэальную мадэль продажу: ягоная проза, пры сваім яўным грамадзянскім пафасе, рэалізоўвалася праз царкоўныя лаўкі і была прынятая як «духоўная».

І вось яны пацягнуліся да духоўнасці. Да «правільных» тэм. Да верных поглядаў.

Каб стаць з’явай, трэба прадавацца. Каб прадавацца, варта рупна абіраць, што ты пішаш, інакш далей за інтэрнэт не пойдзеш.

І вось тэмы, на якія сур’ёзныя людзі пачалі ствараць сур’ёзныя (па памерах) тэксты, пачалі змяняцца.

Прылепін напісаў «Обитель» — раман «пра Салаўкі», у якім зэкі, зусім як у Льва Талстога, размаўляюць па-французску (я кінуў чытаць гэты тэкст на сцэне, дзе ў бараку іх кусаюць клапы ўдзень — з асабістага вопыту вандровак па бедных краінах добра ведаю, што днём клапы могуць кусаць хіба што франкамоўных зэкаў з чарговага «духоўнага» рускага рамана). Ксенія Букша атрымала «Нацбест» за «Завод «Свабода» — вельмі таленавіты тэкст, створаны вельмі абазнаным ды тонкім стылістам, але… ведаеце, што гэта па форме?

Гэта вытворчы раман. Гэта працоўная проза. Пра жыццё цэхаў. Пра перавыкананне планаў. Прычым у ім няма сарокінскага выпяндрожу. Гэта цалкам сур’ёзна. Такой краіне, як Расія сёння, патрэбны раман пра тое, як простыя людзі робяць складаныя радыёдэталі, якія потым робяцца кампанентамі навядзення стратэгічных ракет.

Тэкст Букшы напісаны так, быццам апошніх трыццаці гадоў проста не было. Не было «перабудовы». Не было Пялевіна. Не было ліхіх 90-х. Яна вяртае Расію туды, дзе ўсё «пачало псавацца» — у позні «савок». Гэта такі Нагібін часоў часопіса «Новы мір». Гэта зноўку тыя ж тэмы — Вялікая Айчынная вайна, блакада, першамай і маленькія магчымасці для прыватнага шчасця.

І ведаеце, калі я чытаю «Месапатамію» Сяргея Жадана, калі я бачу там героя, які таксама працуе на заводзе, але завод ужо шмат гадоў стаіць і здаецца пад офісы (як стаіць большасць вытворчасці ў Беларусі, Украіне і Расіі), я пазнаю сітуацыю. Пасля таго як герой даслужыўся да прыватнага пакоя на гэтым заводзе і ў яго ўзнікла адчуванне, што ён «выбудаваў кар’еру на караблі, што ідзе на дно», я ўсміхаюся. Гэта — шчыра. Гэта — пра нас.

Пра што «Завод «Свабода» — я не разумею. Хіба што пра тую ўмоўную Расію, якую цяпер будуюць на канале «Расія».

Вы бачылі, як Прылепіну ўручалі «Большую книгу»? Вяла цырымонію дыктарка савецкага тэлебачання (прывет, Нагібін!) Ганна Шацілава, а адкрыліся ўрачыстасці песняй «І Ленін, такой маладой» — не верыце, пачытайце тут. Так, зразумела: гэта яны так жартуюць. Але мне неяк не смешна. Зусім не смешна…

І было б складана абмінуць палітыку.

Вось партал, які робіць празаік Сяргей Шаргуноў — чалавек, творамі якога я некалі зачытваўся. Галоўны артыкул — «АТА пад кайфам. Тэрытарыяльныя батальёны ўкраінскіх алігархаў могуць фінансавацца наркамафіяй». Пачытайце, не пашкадуйце часу. Пра Грышкаўца вы ведаеце. Пра Арцемія Лебедзева — таксама. Маці Цёмы Таццяна Талстая (за якую ў тусоўцы яго клічуць Арцеміем Таццянавічам) сваіх поглядаў на АТА пакульпадкрэслена не эксплікавала, але, як спатрэбіцца, упэўнены, трапіць у фармат: у Маскве цяпер па-іншаму не атрымліваецца.

Але самыя цікавыя мутацыі адбыліся з Прылепіным — тым самым аўтарам рамана пра клапоў, што пакутуюць на дзённае бяссонне (хіба тое былі клапы-вампіры — удзень, пакуль усе іншыя клапы спяць, яны жаруць франкамоўных лагернікаў). Некалі ён уваходзіў у антыпуцінскі фронт, потым, на адной з сустрэч з пісьменнікамі, пачаў крытыкаваць прэзідэнта за тое, што ён недастаткова па-савецку падтрымлівае літаратуру. І гэта Пуціну спадабалася. Яны паразумеліся з Прылепіным. Цяпер Прылепін не толькі лаўрэат. Ён яшчэ і рупар.

Вось тут у сваёй калонцы Прылепін піша, як добра жывецца людзям у Крыме пасля анексіі, як там «абнавілі абсталяванне ў некалькіх шпіталях і паліклініках, абнаўляюць тэхнапаркі (гэтую фразу я не зусім зразумеў: якія тэхнапаркі? Няўжо там паспелі пабудаваць Сколкава і нават «абнавіць» яго? Але, мабыць, фраза напісаная па-французску). Вось тут у сваім дзённіку з Луганска Прылепін паведамляе нам пра подзвігі легендарнага Матаролы. Ён з гонарам называе сабе «новым класікам» і ў гэтай высокай ролі размаўляе з байцамі «апалчэння».

Я далёкі ад думкі пра тое, што палітычныя погляды вызначаюць якасць творчасці мастака, хай сабе пісьменнік — чалавек, фарбамі якога з’яўляюцца словы і думкі, якія болей не сугучны маім адчуванням пра тое, што адбываецца ў Расіі і Украіне (Сарокін, якога я працягваю паважаць, не атрымаў за «Тэлурыю» ні Нацбэсту, ні «Большой кнігі», загаловак на «Газеце» пра гэта быў красамоўным: «Прылепін перамог сярэднявечча»).

Цяжкасці, з якой чытаецца сучасная руская проза, абумоўленыя не палітыкай, а тэматычным адыходам Расіі ад Беларусі і Украіны (ёсць адчуванне — ад усяго астатняга свету).

Так ужо было, калі Кундэра пісаў пра невыносную лёгкасць быцця, а ягоныя савецкія таварышы стваралі тэксты пра подзвіг рускіх салдат у Чэхаславакіі.

Я нікога не абвінавачваю і не заклікаю да байкоту. Я проста канстатую: нашыя літаратуры разышліся ў розныя бакі. Дачакаліся часоў, калі дзеля таго, каб зразумець нашае жыццё, нашыя беды і наш лёс, варта чытаць сваіх. Сваіх, а не рускіх.

І з гэтым хацелася б павіншаваць як чытачоў, у якіх нарэшце з’яўляецца нацыянальная літаратура, так і пісьменнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?