Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнне аб зніжэнні нормы абавязковага продажу валютнай выручкі, што паступае ў краіну, да 40%.

Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка, каментуючы пастанову рэгулятара №84 ад 19 лютага, якая апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 25 лютага.

З 19 снежня 2014 года норма абавязковага продажу валютнай выручкі была ўстаноўлена на ўзроўні 50%. Тады Нацбанк і ўрад Беларусі прынялі меры, накіраваныя на недапушчэнне развіцця негатыўных тэндэнцый на валютным і фінансавым рынках краіны. «Зніжэнне на 10 працэнтных пунктаў нарматыву абавязковага продажу валютнай выручкі будзе стымуляваць прадпрыемствы рэспублікі да скарачэння знешняй дэбіторскай запазычанасці, а таксама садзейнічаць паляпшэнню іх фінансавага стану», - лічаць прадстаўнікі Нацбанка.

Ва ўпраўленні адзначылі, што прынятыя ў апошнія месяцы крокі садзейнічалі нармалізацыі сітуацыі на валютным рынку краіны. У выніку пераходу да больш гібкай курсавой палітыкі істотна павысіўся ўплыў суадносін попыту і прапанавання валюты на фарміраванне абменнага курса беларускага рубля. З 20 лютага аднавіў работу пазабіржавы валютны рынак. «Гэтыя фактары аказалі пазітыўны ўплыў на ўзровень дэвальвацыйных чаканняў суб'ектаў гаспадарання і, адпаведна, прагнозныя ацэнкі па росце прапанавання замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку краіны», — канстатавалі спецыялісты Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?