Справа Фінькевіча

7 красавіка пракуратура выставіла абвінавачаньне менскаму маладафронтаўцу Артуру Фінькевічу і перадала справу ў Першамайскі суд. А.Фінькевіча затрымалі ўначы 30 студзеня за напісаньне палітычных графіці і з таго часу трымалі за кратамі. Яго абвінавачваюць у «злосным хуліганстве» (арт.339 ч.2 КК Беларусі). Маладафронтаўца вінавацяць у нанясеньні шкоды памерам у 35 млн руб.

Перад інаўгурацыяй

Вулічную акцыю 7 красавіка, арганізаваную КХП-БНФ, разагналі АМОНаўцы: затрыманыя Юрась Беленькі, абаронца намётавага гарадку Ільля Шыманскі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, праграміст Уладзімер Мікалаеў (усе асуджаныя 10 красавіка на 15 сутак), Эдуард Бокій і Ўладзімер Богач (атрымалі па 10 сутак).

Перасьлед непаўналетніх

Адміністрацыйныя камісіі пачалі разгляд справаў непаўналетніх, затрыманых у цэнтры сталіцы ў часе Дзён Волі: Яўгеніі Кароны, Данілы Яроміна, Карповіча. Бацькам даюць папярэджаньні, а школьнікаў ставяць на ўлік у камісіях у справах непаўналетніх.

Мажэйку надгледзелі

5 красавіка пры перасячэньні польска-беларускай мяжы гарадзенскія памежнікі правялі асабісты надгляд Паўла Мажэйкі – прэс-сакратара А.Мілінкевіча. Надгляд доўжыўся 1,5 гадзіны: праверылі вопратку, абутак, бялізну, зрабілі ксэракопію міжнароднага журналісцкага пасьведчаньня й пасьведчаньня сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча.

Сьветлагорск

5 красавіка затрымалі сябра ПБНФ Тэльмана Масьлюкова, актывіста каманды Мілінкевіча: яго зьвінавацілі ва ўстаноўцы пікету яшчэ 25 лютага.

Моладзевага актывіста Вадзіма Богдана 15 сутак трымалі пад арыштам, выпусьціўшы толькі 7 красавіка. Яго затрымалі каля дому: невядомыя ў цывільным зьвезьлі з сабой. Міліцыя не паведамляла сваякоў В.Богдана пра затрыманьне і арышт.

Суд Сьветлагорску 7 красавіка аштрафаваў актывістаў выбарчай кампаніі Віктара Ахрамчука, Сьвятлану Міхальчанку (па 3 б.в., 93 тыс. руб.) і беспрацоўную, маці трох дзяцей Натальлю Бордак (2 б.в., 62 тыс.). Іх абвінавацілі ва ўстаноўцы стэндаў падчас выбарчай агітацыі, што прыраўнялі да несанкцыяванага пікету.

Гомель

За распаўсюд агітацыйных матэрыялаў А.Мілінкевіча ў лютым актывіста кампаніі Ўладзімера Шуміліна 4 красавіка пакаралі штрафам у 2 б.в.: судзьдзя палічыў, што ў «Народнай Волі», якую раздаваў актывіст, побач з праграмай Мілінкевіча мусілі друкавацца праграмы іншых кандыдатаў.

Выпадак з Калініным

3 красавіка ў Менску група невядомых зьбіла праваабаронцу Міколу Калініна, які абараняе правы цыганоў.

Віцебск

Штрафам у 5 б.в. (155 тыс.) пакараны 4 красавіка ўдзельнік «Народнага галасаваньня» Сяргей Кушняроў зь вёскі Тулава (Віцебскі р-н): яго затрымалі 19 сакавіка на выбарчым участку, абвінаваціўшы ў непадпарадкаваньні міліцыі. Бюлетэнь «Народнага галасаваньня» быў вынуты з скрыні й далучаны да матэрыялаў судовае справы.

Барыса Хамайду 5 красавіка аштрафавалі на 180 б.в. (5 млн 580 тыс. руб) за пікет 20 сакавіка: ён трымаў плякат з цытатай зь Бібліі: «Той, хто вытрымае ўсё, выратуецца».

Магілёў

Моладзевага актывіста Сержука Нягаціна 4 красавіка выклікалі на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі Ленінскага раёну Магілёва: яго вінавацяць у захаваньні й распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак, якая «дыскрэдытуе дзяржаўны лад Рэспублікі Беларусь». Паседжаньне перанесенае па хадайніцтве актывіста.

Кіраўніка ГА «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» Уладзімера Краўчанку 8 красавіка 2 гадзіны дапытваў памочнік пракурора Ленінскага раёну Магілева Юры Нікіцін.

Баранавічы

23 сакавіка Алеся Пікулу асудзілі на 2 сутак за «дробнае хуліганства». Сяргея Гоўшу, які запатрабаваў адваката, судзілі 24 сакавіка: яму прызначылі штраф у 2 б.в.

Віктара Мезяка 4 красавіка суд аштрафаваў на 150 б.в. (4 млн 650 тыс.) за паўторны ўдзел у несанкцыяваным сходзе: так была ахарактарызаваная сустрэча ініцыятыўнай групы Мілінкевіча на прыватнай кватэры ў лютым.

Горадня

Студэнтку Гарадзенскага ўнівэрсытэту Юлію Касьпер (IV курс, гістфак) 6 красавіка дапыталі ў сувязі з крымінальнай справай па фальсыфікацыі подпісаў за вылучэньне А.Казуліна на прэзыдэнта і правялі ператрус ейнага пакою ў інтэрнаце. Пры ператрусе былі канфіскаваныя старыя заявы кандыдатаў на ўваходжаньне ў арганізацыю «Маладыя сацыял-дэмакраты» (якая ўжо не існуе), друкаваная літаратура. Як кажа дзяўчына, 5 красавіка двое невядомых у цывільным правялі догляд ейнага пакою ў ейную адсутнасьць і пакінулі запіску-запрашэньне наведаць КДБ. Адсутнасьць рэакцыі на запіску зь ейнага боку і змусіла КДБістаў забраць яе проста з заняткаў. У сакавіку Юлія Касьпер адбыла 7 сутак арышту ў турме на Акрэсьціна за ўдзел у намётавым гарадку на Плошчы.

Берасьце

Працэс над Зьмітром Шыманскім, актывістам групы А.Мілінкевіча ў Берасьці, адкладзены на няпэўны тэрмін: міліцыянты згубілі пратакол ягонага затрыманьня. 24 сакавіка пасьля адбыцьця пакараньня за «хуліганства» Шыманскага зноў зьмясьцілі ў турму. Аднак уначы на 27 сакавіка яму стала кепска, актывіста завезьлі ў інфэкцыйнае аддзяленьне больніцы, дзе ён быў да 3 красавіка. Судзьдзя прыняў рашэньне перадаць справу ў Ленінскі РУУС Берасьця «на дапрацоўку».

Суд скасаваў

Вярхоўны Суд 6 красавіка скасаваў пісьмовае папярэджаньне, якое Мін’юст вынес Партыі БНФ і Партыі камуністаў Беларускай у лютым. Тады чыноўнікі абвінавацілі партыі за тое, што тыя нібыта перашкаджаюць дзейнасьці дзяржаўных органаў: кіраўнікі партыяў зьвярнуліся ў раённыя выканкамы і раённыя адміністрацыі з патрабаваньнем патлумачыць прынцып фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Аднак у адной частцы папярэджаньне, вынесенае Партыі БНФ, суд пакінуў у сіле: яно датычыла некаторых арганізацыйных структураў, дзейнасьць якіх, на думку чыноўнікаў, не адпавядала дзейнаму заканадаўству і ўласнаму статуту.

Горкі

6 красавіка адміністрацыйная камісія райвыканкаму аштрафавала Эдуарда Брокарава на 1 б.в. за «распаўсюд друкаванай прадукцыі, выдадзенай з парушэньнямі заканадаўства».

Дзятлава

7 красавіка адміністрацыйная камісія пры гарвыканкаме пакарала Пятра Цярэшку зь вёскі Казлоўшчына штрафам у 0,5 б.в. Яшчэ ў сакавіку на Цярэшку склалі пратакол за расклейку агітацыйных улётак А.Мілінкевіча. Довады пакаранага, што ён расклейваў улёткі ў прызначаных для гэтага месцах, камісія пад увагу не ўзяла.

Калінкавічы

Чарнобыльскага ліквідатара, актывіста каманды А.Мілінкевіча Васіля Сіліверста 6 красавіка міліцыянты спрабавалі сілком даставіць у суд. Яго знайшлі ў Ельску ў 90-гадовай маці, якую Сіліверст прыехаў наведаць. 7 гадзін міліцыянты трымалі ў аблозе дом матчынага суседа, у якога перахоўваўся В.Сіліверст, пакуль маці ня выклікала «хуткую». В.Сіліверста з прыкметамі стэнакардыі даставілі ў рэанімацыю, дзе ён правёў ноч.

Жодзіна

Адміністрацыйная камісія пры Жодзінскім гарвыканкаме 7 красавіка аштрафавала на 5 б.в. Максіма Паўловіча. Яго затрымалі 13 сакавіка падчас распаўсюду налепак «Нам хлусяць» зь лягатыпамі беларускіх тэлеканалаў.

Смургоні

Моладзевыя актывісты Тацяна Елавая і Мікола Ільін 5–6 красавіка былі высачаныя і блякаваныя ў кватэры дому ў Смургонях. Іх дапыталі сьледчыя зь міліцыі й КДБ і склалі пратакол за пражываньне ў Смургонях без прапіскі. Т.Елавой перад тым удалося вызваліцца з турмы на Акрэсьціна з прычыны рэзкага пагаршэньня стану здароўя. М.Ільін стаў вядомы, здолеўшы даставіць на Плошчу біяпрыбіральню. Яго схапілі спэцназаўцы, зьбівалі, ён здолеў вырвацца, дабегчы да намётавага мястэчка, пасьля чаго страціў прытомнасьць.

Наваполацак

8 красавіка ў Наваполацку распачаў галадоўку пратэсту сябар КХП-БНФ Анатоль Кулік, пратэстуючы супраць інаўгурацыі А.Лукашэнкі. Кулік паведаміў, што галадоўку мае трымаць два тыдні, пры гэтым першы тыдзень ён будзе хадзіць на працу.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0