З пачатку 2015 года і па стане на 17 лютага інфляцыя ў Беларусі склала 3,3%.

Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, прадстаўляючы 25 лютага праграму дзейнасці ўрада на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі палаты прадстаўнікоў.

Ён зазначыў, што, нягледзячы на дэвальвацыю, дзяржава здолела абмежаваць інфляцыйныя працэсы. «Дзякуючы рашэнням урада і прэзідэнта, жорсткай грашова-крэдытнай палітыцы была стрыманая інфляцыйная хваля. Рост спажывецкіх цэн па стане на 17 лютага склаў з пачатку года 3,3% пры аслабленні беларускага рубля за гэты перыяд на 25%», — сказаў прэм'ер. 

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі тэмпы інфляцыі ніжэйшыя, чым у Расіі і Украіне — асноўных гандлёвых партнёрах. 

Паводле афіцыйнага прагнозу, інфляцыя ў 2015 годзе запланаваная на ўзроўні 12%. У той жа час Нацыянальны банк у канцы студзеня паведаміў, што з улікам дэвальвацыі беларускага рубля інфляцыя сёлета прагназуецца на ўзроўні 16—20%. 

Андрэй Кабякоў таксама даў зразумець, што дзяржава захавае кантроль за цэнамі. «Ажыццяўленне жорсткага кантролю за цэнамі, спыненне любых, нават самых нязначных, спекуляцый у гэтай сферы — гэта ключавая задача ўрада. Пры яе рашэнні мы будзем дзейнічаць актыўна, паэтапна замяняючы адміністрацыйныя абмежаванні мерамі дадатковага рэгулявання і канкурэнцыі», — заявіў кіраўнік урада. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?