У фразеалагічным слоўніку прафесара Фёдара Янкоўскага мы сустракаем выраз «малебны правіць». Дзеяслоў правіць нездарма сугучны з назоўнікам права (закон) і рускім дзеясловам «прав­ить» (кіраваць). Значэнне гэтага кораню увесь час круціцца вакол пэўнага парадку, традыцыі, даўніх звычаяў; нейкага урачыстага ці звычайнага працэсу, з якога падчас вынікае праца, учынак.

Розныя адценні гэтаму дзеяслову надаюць прыстаўкі і суфіксы: правіць, справіць, адправіць, спраўляць, адпраўляць… Сінонімамі да гэтага значэння слова правіць можна назваць дзеясловы зрабіць, здзейсніць, учыніць, урачыста учыніць, адсвяткаваць. Справіць можна сабе кажушок, можна справіць вяселле або хаўтуры, можна адправіць імшу або іншую адправу.

Я ўжо, прызнацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. (Янка Купала, «Паўлінка»)

Ніжэй, на шырокім зялёным сухадоле, ужо ў пазнейшыя часы паставілі шчырыя цёмныя людзі над крыніцаю каплічку. У ільінскую пятніцу бывае тут адправа. (Максім Гарэцкі, «Ціхая плынь»)

Гэта значэнне дзеяслова адпраўляць (адправіць імшу) падае і «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы».

Даўней, калі беларуская мова абслугоўвала юрыдычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага, адправіць — урачыста выканаць — можна было і пастанову суда (вырак). У юрыдычным значэнні слова адправа магло значыць не толькі набажэнства, як падае сучасны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», але і выкананне прысуду, экзекуцыю.

А еслі бы упорне плаціці не хацеў, тагды жалобная старана на он час маець сваімі пенязямі ўраду перасуд даці, а ўрад то яму пры галоўнай суме на лісце судовым і ўвяжчым далажыці і на йменню таковага ўпорнага яму адправіці маець(Статут 1588 г., Раздзел IV «А суддзях і судзех»)

У нашу пару, людзі, што не разумеюць беларускае мовы, часта кпяць з гэтага бабулінага слова. Маўляў «Как это отправить службу? Куда ее отправить?» А каторы скажа, што слова гэтае прастамоўнае ды цураецца выкарыстоўваць яго ў касцёле ці царкве. Знікае яно з парафіяльных абвестак і казанняў. Дарма знікае. Думаю, што прыклады паказваюць, што нашыя бабулі, калі выкарыстоўвалі зварот «ксёндз адправіў імшу», казалі старадаўняю моваю літоўскіх статутаў, моваю высокай літаратуры.

Іншы скажа, што гэта паланізм. Які ж гэта паланізм, калі ён ужываецца з сівое даўніны, і праваслаўнымі, і каталікамі, па ўсёй Беларусі, мае беларускі корань, беларускую прыстаўку і беларускі суфікс? Такія рэчы трэба казаць вельмі асцярожна, бо яны часта гучаць як вырак смерці для слова. Каб назваць нешта паланізмам ці русізмам, трэба мець на гэта доказы. Такія доказы будуюцца часцей за ўсё на гістарычнай фанетыцы. У дадзеным выпадку і фанетыка, і марфалогія тут чыста беларуская. І семантыка, як даводзяць прыклады ўжывання.

Няма падстаў уводзіць новыя словы, як цэлебраваць. Лацінскае celebrare значыць дакладна тое самае, што адправіць: урачыста правесці свята, абрад, адсвяткаваць.

Служыць у такім значэнні — канфесійна абмежаванае. Бо, напрыклад, у традыцыйным маўленні каталікоў дзеяслоў служыць (паслугаваць) акрэслівае функцыі служкі (міністранта), а не святара. А і праваслаўныя, і каталікі традыцыйна гавораць «правіць імшу», «правіць малебен», «правіць службу».

Добра было б усім нам (і асабліва святарам) давяраць народнай мове, як у гэтым выпадку давяраюць слоўнікі і высокая літаратура. Каб слова гэтае жыло ды зноў вярнулася на парафіяльныя абвесткі, у мову казанняў і пастырскіх лістоў.

А не надта рэлігійны чалавек хай таксама не забываецца, што адправіць, справіць можна кожнае свята. Справіць Купалле, справіць гадавіну Народзін. Святы любім усе мы — і рэлігійныя, і не рэлігійныя людзі. А мо і юрыдычны аспект гэтага значэння трэба было б самабытна адрадзіць? Калі зручна…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?