Сёньня ў Страсбургу пройдзе паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі. Вінцук Вячорка: «Я пачну з інфармацыі пра тое, што цяпер на Акрэсьціна знаходзяцца лідэры прадпрымальнікаў і палітычных партыяў».

Даклад па Беларусі падрыхтаваў італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні — спэцыяльны дакладчык у справах Беларусі. Ён прыяжджаў у Менск летась у кастрычніку.

Ад Беларусі ў Страсбург запрасілі дзьве дэлегацыі. Афіцыйныя ўлады прадстаўляюць сябры Нацыянальнага сходу Натальля Андрэйчык і Аляксандар Архіпаў, апазыцыю — Вінцук Вячорка і Віктар Карняенка. Абедзьвюм дэлегацыям дадуць магчымасьць выкласьці свае погляды сябрам Паліткамітэту.

На пытаньне «Радыё «Свабода», пра што ён зьбіраецца казаць эўрапейскім парлямэнтарам, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адказвае:

«Я пачну зь інфармацыі пра масавыя пасадкі моладзі. І пра тое, што цяпер на Акрэсьціна знаходзяцца лідэры прадпрымальнікаў, палітычных партыяў. І таксама моладзь — самая розная.

І што гэта ёсьць дастаткова ясны і недвухсэнсоўны сыгнал афіцыйных уладаў тым у Радзе Эўропы, хто слухаў іхныя байкі».

Такое ж пытаньне я задаў і старшыні камісіі ў справах заканадаўства і судова‑прававых пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Аляксандру Архіпаву. Аднак ён спаслаўся на тое, што яшчэ не знаёмы з дакладам спадара Рыгоні:

«Шчыра кажучы, я яшчэ ня ведаю, што там будзе, як і навошта. А калі ня ведаеш, дык навошта тады казаць. Варажба — гэта ж самая няўдзячная рэч».

Палітоляг Аляксандар Лагвінец лічыць сёньняшняе паседжаньне ў Страсбуры выразнай прыкметай таго, што ў Эўропе дагэтуль існуе цікавасьць да Беларусі:

«Робяцца самыя розныя спробы хоць неяк урэгуляваць беларускае пытаньне. Зразумела, што і ўлада жадае тут весьці сваю гульню, паколькі яна хоча легітымізаваць свой так званы заканадаўчы орган міжнароднай супольнасьцю. Калі казаць пра зьмест дакладу спадара Рыгоні, дык той зьмест, зь якім я азнаёміўся, можна назваць даволі стрыманым. Канечне, у ім указваецца на пэўныя парушэньні правоў чалавека, хаця нават з дэклярацыяў спадара Рыгоні бачна, што ён хоча займець сабе, як і шмат хто зь іншых папярэдніх перамоўшчыкаў, ляўры чалавека, які знайшоў вырашэньне беларускага пытаньня. Хаця яно не такое ўжо і простае».

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0