Сярод гасцей цырымоніі ўзнагароджання адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту — 2014» можна было пабачыць алімпійскага чэпіена Антона Кушніра з жонкай (фота 2), міністра аховы здароўя Васіля Жарко са спявачкай Аляксандрай Гайдук, справа (фота 1), цяжарных спартовак Алу Цупер, злева, і Людмілу Калінчык (фота 3), алімпійскую чэмпіёнку Марыну Лобач (фота 4), гімнастку Меліціну Станюту (фота 5), сям’ю лідара беларускай зборнай па хакеі Аляксея Калюжнага (фота 7). Віталь Карпанаў з групы «Дразды» спяваў у вышыванцы (фота 10). Прадстаўнікі Беларусі на Еўрабачанні Uzari і Maimuna — на фота 12.

Выступленне Алы Цупер на зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы, якая заваявала залатую ўзнагароду ў лыжнай акрабатыцы фрыстайла сярод жанчын, прызнана найлепшым у намінацыі «Прарыў года» адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2014». Пра гэта стала вядома на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу, якая прайшла сёння ў мінскім Палацы спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонія пачалася з ушанавання пераможцаў конкурсу ў намінацыях, лаўрэатаў у якіх выбірала журы. Першай на суд гледачоў была прадстаўлена намінацыя «Прарыў года», перамогу ў якой атрымала Ала Цупер. Імя пераможцы ў гэтай намінацыі абвясціў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

Далей былі названы імёны пераможцаў яшчэ ў трох намінацыях, вызначаных журы конкурсу.

У намінацыі «Вынік года» перамога дасталася трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы-2014 Дар'і Домрачавай, пра што абвясціла намесніца прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава.

У гэтыя дні Дар'я Домрачава вядзе падрыхтоўку да чэмпіянату свету — 2015 па біятлоне за межамі Беларусі. Аднак па сеансе відэасувязі прыма айчыннага спорту даведалася аб сваёй вікторыі ў намінацыі. Прыз за дачку атрымала мама Ларыса Аляксееўна.

«Самым яркім момантам года» прызнана перамога нацыянальнай каманды Беларусі па хакеі ў матчы групавога этапу чэмпіянату свету — 2014 над зборнай Латвіі, якая дазволіла беларускай дружыне выйсці ў чвэрцьфінал. Лаўрэата намінацыі абвясціў міністр аховы здароўя Васіль Жарко, а ўзнагароду атрымала жонка аднаго з лідараў беларускай зборнай, форварда Аляксея Калюжнага.

Бронзавая статуэтка ў намінацыі «За волю да перамогі» традыцыйна ўручаецца спартсменам-паралімпійцам. У 2006 і 2008 гадах тут двойчы не было роўных неаднаразовай чэмпіёнцы Паралімпійскіх гульняў Людміле Воўчак, у 2010-м прыз атрымаў Зміцер Лобан, які насуперак рэкамендацыям лекараў з траўмай выйшаў на старт лыжнай гонкі на зімовых Паралімпійскіх гульнях у Ванкуверы і ва ўпартай барацьбе заваяваў бронзавы медаль. У 2012 годзе пераможцам гэтай намінацыі стаў пяціразовы чэмпіён Паралімпійскіх гульняў у Лондане плывец Ігар Бокій. На гэты раз найлепшым прызнаны двухразовы бронзавы прызёр зімовай Паралімпіяды-2014 па біятлоне сярод інвалідаў па зроку Васіль Шапцябой. Яго імя ў якасці пераможцы сказала алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 м 2004 года Юлія Несцярэнка.

У наступнай частцы цырымоніі будуць абвешчаныя лаўрэаты «народных» намінацый, дзе найлепшыя вызначаліся шляхам галасавання заўзятараў — гэта «Трэнер года», «Спартсменка года», «Спартсмен года» і «Каманда года».

Адкрыты публічны конкурс «Трыумф. Героям спорту 2014» з'яўляецца сумесным маштабным праектам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Раней герояў спорту беларускія заўзятары выбіралі ў праектах «Навагодні баль — 2007. Героям спорту», «Трыумф. Героям спорту — 2008», «Трыумф. Героям спорту — 2010», «Трыумф. Героям спорту — 2012», якiя праводзiлiся гэтымі ж арганізатарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?