Па звестках IDC, сёння Android і iOS практычна няма альтэрнатывы: у 2014 годзе Android займаў па пастаўках 81,5% рынку смартфонаў, розныя мадэлі iPhone мелі 14,8%. Астатнія 3,7% падзялілі Windows Phone, Blackberry і іншыя.

  Смартфоны да iPhone і Android. Фота: geniusapp.com

Смартфоны да iPhone і Android. Фота: geniusapp.com

Сем год таму сітуацыя была зусім іншай: смартфоны былі прывілеяй бізнэсоўцаў і праграмістаў-эксперыментатараў. У Blackberry, Symbian і Windows Mobile, тагачасных гаспадарах рынку смартфонаў, было не так проста разабрацца. Маленькія слабенькія слухаўкі намагаліся быць «як камп’ютары», але прайгравалі па функцыянальнасці і зручнасці.

Трэба прызнаць: смартфоны змяніла Apple, а зусім не Google.

У студзені 2007 года быў анансаваны першы iPhone, які на той час цяжка было назваць смартфонам: ён практычна нічога не ўмеў. Простыя «званілкі» тады мелі мноства праграм і гульняў, прыстойныя камеры, мнагазадачнасць, падтрымку 3G… iPhone меў хіба інтуітыўны інтэрфейс. Але таго хапіла, каб змяніць смартфоны — і зрабіць іх папулярнымі ды зразумелымі.

Адзін з першых прататыпаў апаратаў на Android. Фота: 9to5google

Адзін з першых прататыпаў апаратаў на Android. Фота: 9to5google

Кампанія Android Inc. распрацоўвала ўласную мабільную «аперацыёнку» на базе Linux з 2003 года. У 2005 годзе кампанію купіў інтэрнэт-гігант Google.

Раннія прататыпы Android-смартфонаў мала адрозніваліся ад Blackberry і былі зусім непадобнымі да iPhone.

Цэнтральнае месца ва ўзаемадзеянні карыстальніка і тэлефона займала клавіятура, навігацыя ў меню здзяйснялася праз джойстык. Экран як элемент кіравання разглядаўся альбо другасным, альбо не разглядаўся зусім.

З выхадам iPhone стала зразумела, што нешта трэба мяняць. І інтэрфейс, і саму ідэю апарату прыйшлося пераасэнсоўваць. «Адказ на iPhone» выйшаў толькі праз паўтара года пасля iPhone — пераасэнсаванне было глабальным.

Першым Android-смартфонам на рынку стаў HTC Dream, таксама вядомы як T-Mobile G1 (у Польшчы — Era G1).

HTC Dream у раскладзеным стане. Фота: Akela NDE via Wikipedia

HTC Dream у раскладзеным стане. Фота: Akela NDE via Wikipedia

Раскладушка з фізічнай клавіятурай і трэкболам, дысплэй у 3,2 цалі — не зусім падобна да сённяшніх «лапат».

«Жалеза» апарата сёння можа падацца смешным: аднаядзерны працэсар на частаце 528 МГц, 192 Мб аператыўнай памяці і 256 Мб унутранай, батарэя на 1150 мАг… Невялічкі экран дыяганаллю 3,2 цалі меў разрозненне 320x480, што давала шалёную зярністасць па сённяшніх мерках. Нават канэктар для зарадкі быў не microUSB, а таўсцейшы miniUSB.

Затое камера была на 3,1 Мп і нават мела рэдкі ў тыя часы аўтафокус. Франтальнай камеры «для сэлфі» не было — затое ззаду для тых мэт было люстэрачка.

Фота: YorkerBH, notebookreview.com

Фота: YorkerBH, notebookreview.com

Цікава паглядзець на клавішы смартфона. У складзеным стане іх можна было націснуць цэлых 9! Блакіроўка, дзве кнопкі гучнасці, меню, назад, дадому, зняць слухаўку, пакласці слухаўку і «ОК» па націсканні на трэкбол («шарык», які замяняў мышку). Сёння на смартфонах засталіся толькі першыя 6.

Трэкбол і кнопкі прымання-скідання выкліку «адпалі» даволі хутка.

Першы «забілі» зручныя тачскрыны, для кіравання якімі з 2007-08 года перастала быць патрэбнай «палачка» — стылус. Новыя ёмкасныя экраны, у адрозненне ад рэзістыўных, успрымалі лёгкі дотык пальцам і рэагавалі не на сілу націскання, а на факт прысутнасці нечага з дастатковай электрычнай ёмкасцю. Затым гэткія экраны «забілі» і фізічныя клавіятуры, што рабілі апараты толькі таўсцейшымі і цяжэйшымі.

Прыём-адбой сталі віртуальнымі кнопкамі, дасяжнымі толькі пры наборы нумару ці тэлефанаванні. Верагодна, звязана гэта з тым, што тэлефанаванні ў тэлефонах адышлі на другі план — найперш браўзер, сацсеткі, гульні.

  Адна з першых версій Android Market. Фота: geek.com

Адна з першых версій Android Market. Фота: geek.com

Ды на першым Android-смартфоне доўга не пагуляешся. Батарэі пры сціплым па тых часах выкарыстанні ледзь хапала да вечара — а інтэрнэтам тады карысталіся ў разы меней. «Усадзіць» батарэю пры праглядзе фільма анлайн можна было за гадзіну. А гульнямі…

А гульняў тады асабліва і не было.

У сакавіку 2009 года (праз паўгода пасля старту продажаў HTC Dream) прапаноўвалася 2300 розных праграм, нямалая частка з якіх умела хіба пісаць «Hello World» (так трэніраваліся праграмісты).

Статысячная праграма з’явілася ў Play Store (які тады яшчэ зваўся Android Market) праз два гады пасля выхаду першага смартфона. Першая сур’ёзная мабільная «стралялка», Modern Combat, з’явілася на Android толькі ў лістападзе 2010 года (за год да таго яна выйшла на iPhone).

  Рабочы стол Android версіі 1.6, на якой спыніліся абнаўленні HTC Dream. Фота: theverge.com

Рабочы стол Android версіі 1.6, на якой спыніліся абнаўленні HTC Dream. Фота: theverge.com

Прыходзілася спадзявацца на стандартныя праграмы. Ужо тады сярод іх былі добрыя каляндар, паштовы кліент, карты і нават загрузнік музыкі з Amazon. Але не было звыклых сёння офісных праграм, папярэдне не ўсталёўваліся кліенты сацсетак, ды і замест Chrome быў асобны мабільны браўзер.

Але гэтага мінімуму пяць год таму хапіла для пазітыўных водгукаў.

Такі маленечкі… Фота з дэма-відэа на Youtube

Такі маленечкі… Фота з дэма-відэа на Youtube

«Гэта не тое, што вы падорыце вашай маме на Каляды, але калі вы дзёрзкі фанат гаджэтаў, якому не шкада марнаваць грошы на зусім новую, даволі займальную авантуру, то чаму б і не?» — пісаў Gizmodo.

«Калі вы проста радыя быць часткай платформы, якая, хутчэй за ўсё, збіраецца пасяліцца на рынку на вельмі, вельмі доўгі час, G1 — гэта цалкам разумная прылада для штодзённага выкарыстання, і мы чакаем даволі вялікія падзеі з гэтага боку рынку», — прадказваў і не памыліўся Engadget.

Карыстальнікі наракалі хіба на слабую батарэю (ды наракаюць і зараз практычна на любыя смартфоны) і просценькую камеру. Затое былі ў захапленні ад выдатнай клавіятуры і механізму «раскладушкі» (і тое, і тое хутка знікла). І верылі — раз за тое ўзялася Google, яна не можа «праляцець».

Фота: Engadget

Фота: Engadget

Дзіўна, пра Microsoft і іх Windows Phone праз два года так ужо не казалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?