Як стала вядома Еўрарадыё, яшчэ 21 студзеня арганізатары фестывалю «Рок‑каранацыя» павінны былі атрымаць ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкаму дазвол на правядзення мерапрыемства. Але дазволу, так званай «разавай ліцэнзіі», яны не атрымалі і ў аўторак.

Заснавальніка «Рок‑каранацыі» Юрыя Цыбіна ўчорашні безвыніковы паход да чыноўнікаў выканкаму не пазбавіў упэўненасці ў станоўчым вырашэнні пытання. Кажа, пасля з’яўлення ў афіцыйнай прэсе інтэрв’ю з лідэрамі гуртоў «Крама» і N.R.M. Ігарам Варашкевічам і Лявонам Вольскім забарона выглядала б проста недарэчна:

«Пакуль што адказу з выканкаму няма. Пакуль што. Але спадзяюся, што ўсё будзе нармалёва».

Каб пацвердзіць аптымістычныя спадзяванні арганізатараў «Рок‑каранацыі», Еўрарадыё звярнулася па каментар ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкаму. Уладзіміра Анціповіча, які адказвае за выдачу гэтых разавых ліцэнзій‑дазволаў, чамусьці здзівіла жаданне журналістаў і аматараў рок‑музыкі ведаць, ці атрымаюць арганізатары мерапрыемства дазвол на яго правядзенне:

«Я на такія пытанні вам адказваць не буду. Гэта службовыя адносіны. Што гэта за пастаноўка пытання такая цікавая: «Мы хочам ведаць»?

Высветлілася, што інфармацыя гэта не з’яўляецца таемнай, і чыноўнік проста не хоча размаўляць з журналістамі. І чамусьці па ўсе каментары накіраваў да арганізатараў «Каранацыі».

«Я не буду вам нічога казаць, таму, што гэта такая інфармацыя… Яна і не закрытая, і не адкрытая. Гэта проста службовыя адносіны нашы з арганізатарамі, і таму па ўсе каментары звяртайцеся да іх».

У ранейшым інтэрв’ю заснавальнік «Рок‑каранацыі» Юры Цыбін сказаў Еўрарадыё, што арганізатары не бачаць сёлетняга канцэрту без забароненых гуртоў ‑‑ «Крамы», «Нейра Дзюбеля», N.R.M. і «Палаца». Ёсць яны ў спісе выступоўцаў, які прыклалі арганізатары да заявы на атрыманне дазволу на канцэрт. Еўрарадыё запаталася ў чыноўніка, ці бачыў ён той спіс. Але слова «спіс» чамусьці выклікала асацыяцыі з «чорным» спісам забароненых гуртоў, і ён усхвалявана пачаў даказваць, што такога спісу не існуе ў прыродзе.

«Ніякіх спісаў я не бачыў, і ніякіх спісаў не існуе!»

Калі ж ён нарэшце зразумеў, пра які спіс ішла гаворка, высветлілася, што і спісу запланаваных арганізатарамі «Рок‑каранацыі» выступоўцаў ён таксама яшчэ не бачыў. Праўда, упэўніў, што не мае значэння, хто туды запісаны. Маўляў, у нас усе роўныя.

«Якія могуць быць праблемы? У нас усе людзі роўныя. Ніякіх праблем не павінна быць».

Арганізатары «Рок‑каранацыі» таксама спадзяюцца на тое, што праблем не будзе. І чыноўнікі знойдуць нарэшце час, каб азнаёміцца з іх заяўкай і даць станоўчы адказ.

Зміцер Панямонаў, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0