Усе тры папярэджанні тычацца выходных дадзеных, паведамляе БАЖ.

«Газету Слонімскую» абвінавачваюць у непазначэнні накладу газеты у выходных дадзеных двух лютаўскіх нумароў.

Але наклад быў пазначаны на першай старонцы, адзначае галоўны рэдактар газеты Віктар Валадашчук. Гэта не супярэчыць закону, распавёў ён «Нашай Ніве», бо закон патрабуе пазначаць наклад проста «ў кожным выпуску».

«Шчыра кажу, я прычыну нават не ведаю, — кажа ён. — Ну, у адным з нумароў была справаздача пра круглы стол з Лябедзькам па тэме карупцыі. Хіба так. Але як заўсёды, матэрыялы ў межах беларускага заканадаўства. Цяжка знайсці падставу. Здаецца, у іншых нумарах былі яшчэ больш хлёсткія матэрыялы, чым у гэтых нумарах, але менавіта гэтыя два нумары вылучылі асобна».

Паводле яго слоў, у дзяржвыданняў бываюць «і не такія парушэнні», але ім папярэджанні не выносяцца.

«Ганцавіцкі час» атрымаў папярэджанне за пазначэнне ў выходных дадзеных дзяржоргана, што зарэгістраваў СМІ. Замест «Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь» было пазначанае «Міністэрства інфармацыі РБ».

Гэта не адпавядае афіцыйным нормам, зацверджаным Мінінфармам, Саветам міністраў і ўказам прэзідэнта. Такім чынам рэдакцыя парушыла артыкул 22 закона «Пра СМІ».

«Безумоўна, мы будзем абскарджваць дадзенае папярэджанне, хаця б таму, што наша выданне ў той дзень, за які вынесенае папярэджанне, нават не выходзіла. А па-другое, некаторыя дзяржаўныя рэгіянальныя выданні не толькі не пазначаюць «Рэспубліка Беларусь», а нават пра Міністэрства інфармацыі ў выходных дадзеных не ўзгадваюць увогуле», – заявіў прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі.

Таксама папярэджанне за «РБ» атрымаў «Intex-press».

Як адзначыў галоўны рэдактар выдання Уладзімір Янукевіч, аналагічнае парушэнне можна заўважыць і ў дзяржаўных выданнях, але пра папярэджанні дзяржвыданням за «РБ» не чуваць.

«Апошні год дакладна ішло ў нас «РБ», — прыгадвае Янукевіч. — Я не думаю, што проста так заўважылі. Думаю, адбываецца нейкі маніторынг, вырашылі даць зразумець незалежным сродкам масавай інфармацыі, што ўсе мы «пад богам ходзім». Вядома, пад якім. Што ў любым выпадку можна прыціснуць, што трэба быць абачлівымі ў электаральны год».

Паводле яго слоў, ад папярэджання (акрамя выпраўлення памылкі) рэдакцыйная палітыка мяняцца не будзе. «Прычапіцца ў нашай краіне можна да ўсяго, а ад усяго не перасцеражэшся», — патлумачыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?