Эрык Рубін, фота прэс-службы пасольства ЗША

Эрык Рубін, фота прэс-службы пасольства ЗША

«Санкцыі, якія ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам уведзены з-за сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у дачыненні да Беларусі, працягваюць дзейнічаць і будуць дзейнічаць датуль, пакуль не будуць выкананыя ўмовы, пры якіх магчымая іх адмена», — сказаў ён. 

Пры гэтым Рубін падкрэсліў: ЗША лічаць важным працягваць працаваць над паляпшэннем адносінаў з Беларуссю, нягледзячы на тыя рознагалоссі, якія існуюць па некаторых пытаннях, у прыватнасці ў сферы правоў чалавека. 

«Падчас абмеркавання з прадстаўнікамі беларускіх уладаў мы маглі пагаджацца, маглі разыходзіцца ў поглядах, але мы сышліся на думцы, што трэба працягваць працаваць над пошукам рашэнняў, — зазначыў прадстаўнік Дзярждэпа. — Мы мяркуем, што развіццё адносінаў паміж ЗША і Беларуссю, падтрымка незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, падтрымка эканамічнага росту, гандлю, стварэння працоўных месцаў не ўступаюць у канфлікт з тымі сферамі, у якіх у нас існуюць рознагалоссі. Насамрэч мы мяркуем, што паляпшэнне адносінаў паміж ЗША і Беларуссю ў праблемных сферах можа пазітыўна паўплываць на ўсе сферы». 

Эрык Рубін адмовіўся назваць колькасць беларускіх чыноўнікаў, унесеных у спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЗША.

«Што да візавых абмежаванняў, якія ўведзены па амерыканскім заканадаўстве ў сувязі са станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, то яно не дазваляе мне назваць ні імёны, ні колькасць гэтых людзей. Але я хачу падкрэсліць: мы б хацелі, каб гэтыя абмежаванні былі адменены, для чаго неабходны прагрэс у вырашэнні праблем, адзначаных у заканадаўстве. Гэта зрабіла б магчымым далейшае паляпшэнне адносінаў», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамента. 

Ён таксама зазначыў, што сваю палітыку санкцый у дачыненні да Беларусі ЗША каардынуюць з ЕС.

«Наша палітыка ў гэтым пытанні каардынуецца з Еўрасаюзам. Мы дамовіліся, што будзем выпрацоўваць сумесны падыход у сваіх адносінах з Беларуссю ў розных сферах», — падкрэсліў Рубін. 

Намеснік памочніка дзяржсакратара па справах Еўропы і Еўразіі наведаў Мінск 26—28 лютага. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а таксама прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і сваякамі палітвязняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?