У пасёлку «Дружны» Пухавіцкага раёна насельніцтва пратэстуе супраць намеру ўлады пабудаваць тут філіял расейскага заводу, які ў СССР вырабляў ДДТ.

ДДТ — гэта дуст. Небясьпечны хімічны прэпарат. Атрута, якая спрыяе разьвіцьцю раку, псуе кроў, разбурае рэпрадуктыўныя функцыі чалавека. Спэцыялісты пераконваюць, што хаця ў 1970‑я на вытворчасьць і выкарыстаньне дусту былі ўведзеныя строгія абмежаваньні, але яшчэ і на сёньня гэтай атруты ў Беларусі — тоны. Вяскоўцы працягваюць выкарыстоўваць хімікат на прысядзібных участках. Некаторыя труцяць ім вашэй і блых

Найбольш пра дуст цяпер гавораць у пасёлку «Дружны» Пухавіцкага раёну Нядаўна тут адбыўся нават шматлюдны сход. Перад прысутнымі выступіў грамадзкі актывіст Сяргей Абразоўскі. Міліцыя затрымала прамоўцу. Паводле пратаколу, ён абвінавачваецца ў арганізацыі пратэстаў на рашэньне пабудаваць ў «Дружным» завод па вырабу хімічных парашкоў, вадзяных раствораў, эмульсій.

— Менскаблвыканкам ужо фактычна даў дазвол на будаўніцтва ў пасёлку прадпрыемства расейскай фірмы «Август», — кажа спадар Абразоўскі. — Матывацыя беларускай улады — скараціць імпарт пэстыцыдаў. Вырашана, што расейцы пабудуюць такі ж завод, як і ў гарадку Вурнары ў Чувашыі. Менавіта ён і вырабляў некалі дуст.

Са словаў Сяргея Абразоўскага, раней фірме «Август» прапаноўвалася будаўнічая пляцоўка ў менскім мікрараёне «Шабаны». Аднак пасьля экспэртызы праекта ў Нацыянальнай акадэміі навук высьветлілася: магчымыя выкіды ў паветра могуць пагоршыць экалягічную сытуацыю ў найбліжэйшых мікрараёнах «Чыжоўка» і «Лошыца». Па экалягічных парамэтрах давялося адмовіцца і ад намераў пасадзіць новы хімічны завод ля Барысава.

— Чыноўнікі вырашылі, што можна труціць наш пасёлак, — гневаецца Сяргей Абразоўскі. — Цяпер тут блізу пяці тысяч насельніцтва, палова зь іх — беспрацоўныя ва ўзросьце 40‑50 гадоў. Некалі іх заманілі на будаўніцтва Менскай атамнай станцыі, спэцыяльна пабудавалі новы пасёлак. А як адбыўся крах Чарнобыльскай станцыі, то ўлада кінула «Дружны» на самавыжываньне. Цяпер падсоўваюць сумнеўны праект, прапагандуюць яго як выратаваньне ад беспрацоўя.

Старшыня камітэту эканомікі Менскага аблвыканкаму Жана Бірыч паведаміла — «Август» цалкам бярэ на сябе фінансавыя затраты ў стварэньні новай вытворчасьці ў Беларусі.

Першапачатковыя расходы — 15 мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, як запэўнівае Жана Бірыч, фірма вырашыць праблему захоўваньня хімічных сродкаў аховы расьлінаў, тэрмін выкарыстаньня якіх даўно закончыўся.

Мяне цікавіла і меркаваньне начальніка Пухавіцкай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Івана Грыбко.

— Я ў гэтай справе — дробны чыноўнік, — кажа Грыбко, — вытворчасьць сродкаў хімічнай апрацоўкі расьлінаў цяпер прыбытковая, і гэтаму бізнэсу цяжка пярэчыць.

Іван Грыбко нядаўна за расейскі кошт наведаў Чувашыю і раённы гарадок Вурнары. Адпрацоўвае зараз ваяж: піша добрыя заметкі ў райгазэце пра нібыта бясшкодны завод.

І пра апошняе «прывітаньне» з Чувашыі. У рэспубліцы працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце выбуху на Новачэбаксарскім хімзаводзе. Там увосень мінулага году пацярпелі адразу шэсьць працаўнікоў. Пракуроры шукаюць вінаватых у «парушэньнях правілаў аховы працы» і «забруджваньні атмасфэры».

Галіна Баравая, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0