Мінскага прадпрымальніка Алеся Макаева прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, паведаміла яго жонка Юлія Сцяпанава. 

Паводле яе слоў, Макаева маюць намер судзіць на падставе арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Родныя прадпрымальніка нанялі адваката для яго абароны. 

Як паведамлялася раней, прыкладна апоўдні некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным павезлі Алеся Макаева ў Цэнтральнае РУУС сталіцы, калі той выйшаў у магазін за цыгарэтамі. Перад гэтым Макаеву патэлефанаваў невядомы і паведаміў, што ў яго ёсць «вельмі важная інфармацыя». Мужчына паспрабаваў дамовіцца пра сустрэчу. Макаеў і Сцяпанава вырашылі, што такім чынам міліцыя спрабуе вызначыць, дзе знаходзіцца прадпрымальнік, і сталі збіраць рэчы для знаходжання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 

Нагадаем, 1 сакавіка міліцыя затрымала Макаева на рынку ў Ждановічах, дзе ён удзельнічаў у сходзе мясцовых прадпрымальнікаў, якія раіліся, што ім рабіць у новых умовах — з 1 сакавіка ў Беларусі забаронена гандляваць несертыфікаванай прадукцыяй легпрама. У мясцовым аддзяленні міліцыі з Макаевым гутарыў асабіста начальнік УУС Цэнтральнага раёна Мінска Артур Шахлай. У прадпрымальніка ўзялі тлумачэнні наконт сходу, пасля чаго адпусцілі, прыкладна праз 40 хвілін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?