Беларуская мова даволі добра распрацаваная і багатая на разнастайную лексіку.

Возьмем слова «хутка». У Слоўніку Некрашэвіча і Байкова (1928, 2010) даецца аж 9 варыянтаў перакладу расійскага слова «быстро». І «хутка» тут зусім не на першым месцы! А мы ж, на жаль, толькі гэтым словам і прывыклі карыстацца: «хутка вясна, хуткая дапамога, хутка робіць, хутчэй ідзі…» Гэта збядняе мову.

Некаторыя выкарыстоўваюць дадаткова паланізм «шпарка». Гэта слушна, бо слова шырока прадстаўлена ў народных гаворках.

Менш выкарыстоўваецца «шыбка».

І нечаму зусім перасталі выкарыстоўваць «борзда». А словы «борзда, баржджэй» адметныя і вельмі былі папулярныя ў беларускай літаратуры і народных гаворках. «Новую зямлю» Я.Коласа слушна лічаць энцыклапедыяй беларускай мовы. Дык вось, Колас тут аддае з усіх варыянтаў перавагу якраз слову «борзда»! Напрыклад:

«Рабі ўсё борзда, гладка, чыста,
Але пагода наравіста»

«Баржджэй вы там, кірмаш такоўскі! —
Гукае дзядзька з ноткай злосці»

«Алесь не рад быў, што спытаўся,
І ў кут ён борздзенька схаваўся»

Выдатны перакладчык Васіль Сёмуха ў перакладзе Бібліі часта выкарыстоўваў гэтае слова: «Не будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай не будзе спяшацца сказаць перад Богам слова…»

Паспрабуем паглядзець, а як у народных гаворках. 5-томавы «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» дае такія звесткі:

Словы «борзда, борздо, борзды, борздзенька, баржджэй» зафіксаваны ў Мінскім, Вілейскім,Уздзенскім, Валожынскім раёнах Міншчыны, Ляхавіцкім, Івацэвіцкім раёнах Берасцейшчыны і Гродзенскім, Наваградскім, Лідскім, Мастоўскім і Карэліцкім раёнах Гарадзеншчыны і на Віленшчыне.

Словы «хуткі, хутко, хутчэй, хутчій» – на Беласточчыне, Ваўкавыскім і Свіслацкім раёнах Гарадзеншчыны, Пружанскім, Камянецкім, Ганцавіцкім – Берасцейшчыны.

Словы-паланізмы «шпарка, шпаркі» – Шчучынскі, Смаргонскі, Ваўкавыскі раёны Гродзеншчыны, Верхнядзвінскі Віцебшчыны, Камянецкі Берасцейшчыны і на Віленшчыне.

Таксама паланізм «шыбка» – на Віленшчыне, Ашмянскім, Астравецкім раёнах Гродзеншчыны, Верхнядзвінскім Віцебшчыны, Вілейскім і Чэрвеньскім Міншчыны.

Як бачым, слова «борзда» і ўтвораныя ад яго прадстаўлены ў народнай мове нават шырэй за другія варыянты.

«Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны (1929, 2011) адзначае выкарыстанне ў гэтым рэгіёне Цэнтральнай Беларусі слоў «борза, бордзы, барджэй, хутка, хуткі, шпаркі».

А як ва Ўсходняй Беларусі? Звернемся да знакамітага слоўніка Івана Насовіча 1870 г., дзе сабраны словы з Магілёўшчыны. Цікава, што і тут фіксуюцца варыянты «борзо, борзенько, шибкій, шпарко», але слова «хуткій» мае тут значэнне «охотный».

Адкуль утварылася гэтае слова «борзда»? Магчыма балцкі ўплыў – у літоўскай мове ёсць падобнае па гучанню і значэнню слова «burzdus»

Такім чынам, калі мы пішам або гутарым па-беларуску, давайце шырэй выкарыстоўваць такія адметныя і несправядліва занядбанае слова «борзда, барждэй, борздзенька»… 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?