Руслан Аляхно

На гонар беларускай поп-музыкі быў высунуты выканаўца, чые галоўныя дасягненьні — перамога ў расейскім «Народным артысьце» ды служба ў арміі. У адным з сваіх інтэрвію цяпер ужо прадстаўнік Беларусі на «Эўравізіі-2008» сказаў, што лічыць сябе нацыянальным героем Беларусі, а сваім домам — Расею, бо «толькі там можна раскруціцца». Пра беларускую мову выказваецца: «У Беларусі па-беларуску размаўляюць толькі бабулі і дзядулі ў вёсках. А ў горадзе — там наогул ніхто на ёй не размаўляе». Інтэрвію з архіву ТГ.

— Калі на Беларусі цябе так любяць, навошта ты выправіўся ў Маскву?

— У Беларусі немагчыма зрабіць кар’еру. На конкурсах вышэй за другое месца не давалі. Толькі ў 2002 годзе я ўзяў Гран-пры ў конкурсе «Виват победе!». Мне адразу казалі прадусары: пойдзеш працаваць да нас — будзе першае месца. Як сябе паводзіць на сцэне, як апранацца — гэтаму нас не вучылі. І прадусара, які б пісаў табе песьні ці ўкладаў грошы ў іх напісаньне, таксама не было. А Расея — аграмадная краіна, і я лічу, што толькі ў Маскве можна раскруціцца і рэалізавацца, як сьпявак. А наогул, калі я надумаў паехаць у Маскву, хацеў пачаць з рэстаранных сьпеваў, якімі займаўся на Беларусі шмат год.

— Ты сьпяваў у рэстаране?!

— Так, і зусім не засмучаўся. Мае бацькі — простыя людзі: маці — швачка, бацька быў ваенным. Дарэчы, менавіта ён прымусіў мяне хадзіць у музычную школу, хоць я гэтага не хацеў. А рэстаран — добрая школа. Мне даводзілася выконваць усё — ад «Муркі» да «Бэсамэ мучо»… Да таго ж я тады вучыўся ў сярэдняй школе, затым паступіў у аўтатранспартны коледж, а пазьней у армію пайшоў.

— Чаго ж не закасіў, як усе нармальныя людзі?

— А навошта? Армія загартоўвае і выхоўвае мужчынскі характар. Да таго ж я служыў у ансамблі песьні і танца Ўзброеных сіл РБ. А «дзядухі» як такой не было: Беларусь — не Расея.

— У былых саюзных рэспубліках надта трапятко ставяцца да нацыянальных моваў. Табе на Беларусі не выказвалі прэтэнзіі да таго, што ты сьпяваеш па—расейску?

— Так, я запісаў альбом па—расейску. Але ў нас не такая сытуацыя, як на Ўкраіне. У Беларусі па-беларуску размаўляюць толькі бабулі і дзядулі ў вёсках. А ў горадзе — там наогул ніхто на ёй не размаўляе.

— Беларускія прыхільніцы розьняцца ад расейскіх?

— Розьняцца. Беларускія часьцяком не атрымліваюць аўтографаў. І не таму, што іх не даюць, яны проста баяцца падыйсьці. Яны куды болей сьціплыя.

— Дзе цяпер твой дом?

— Напэўна, ужо ў Маскве. Жыву тут другі год, здымаю кватэру. Першы час, канечне, хадзіў з разьзяўленым ротам, а цяпер у мяне такое адчуваньне, што пражыў тут усё жыцьцё.

Паводле mk.ru, беларускі пераклад — «Тузін Гітоў», 27.08.2005.

Глядзі яшчэ:
На «Эўрабачаньне» едзе Аляхно. Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч з адборышча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0