Калі гаспадар выходзіць,
нават на пяць хвілін,
сабаку здаецца,
што ён застаецца
ужо назаўсёды адзін!

Ляжаць непатрэбныя цацкі,
салодкая костка ляжыць.
Сабаку тужліва,
і жыць немажліва,
і час так марудна бяжыць!

А побач за сценкай свабода
Буяе, віруе, кіпіць!
І добрыя людзі
і такса, і пудзель
Вось жыць бы, здаецца, і жыць!

А кепскія думкі пануюць
псуецца сабачы настрой —
сядзіць як пабіты
усімі забыты.
І сьмерці чакае з касой!

Ды раптам пачуюцца крокі
Павернецца вочка замка —
прылашчыць, абдыме
тугу ў момант здыме
найлепшага сябра рука!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0