Грамадскае аб’яднанне «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» заснавала прэмію імя Францішка Аляхновіча. Палажэнне аб прэміі было аднагалосна прынята 22 студзеня на пасяджэнні мемарыяльнай секцыі таварыства і накіравана на зацвярджэнне рэспубліканскай рады аб’яднання.

У палажэнні зазначаецца, што прэмія прысуджаецца за значны ўнёсак у справу ўвекавечання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій грамадскім актывістам, дзеячам культуры і мастацтва, гісторыкам, краязнаўцам, літаратарам, журналістам.

Узнагароджанне праводзіцца камітэтам па прэміі з пяці чалавек, створаным пры рэспубліканскай радзе таварыства. Прадстаўленні на спашуканне прэміі накіроўваюцца ў камітэт да 1 лютага. Камітэт простай большасцю галасоў пры тайным галасаванні вызначае лаўрэата года. Яму ўручаецца дыплом, знак і падарунак.

Уручэнне прэміі адбываецца 9 сакавіка, у дзень народзінаў Ф.Аляхновіча. Лаўрэат чытае лекцыю, выступае перад грамадскасцю краіны і замежжа, а яго фотаздымак з апісаннем заслуг змяшчаецца ў памятнай кнізе лаўрэатаў.

Лаўрэацкі знак вырабляецца з каляровага металу. На вонкавым баку знака — барэльеф Ф.Аляхновіча, на адваротным — тэкст у тры радкі: «Лаўрэат прэміі імя Ф.Аляхновіча». Асобна гравіруюцца парадкавы нумар прэміі і год яе прысваення.

***

Францішак Аляхновіч (9.03.1883, Вільня — 3.03.1944) — актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна‑адраджэнскага руху, драматург і тэатральны дзеяч. З сям’і віленскага скрыпача, нашчадка шляхецкага роду з‑пад Радашковічаў (Мінская вобласць). У 1926 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе ў 1927 годзе быў арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў зняволяння ў Салавецкім лагеры асаблівага прызначэння. У верасні 1933 года вярнуўся ў Вільню пасля абмену на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча. Аўтар шэрагу драм, большасць якіх напісана паводле фальклорна‑гістарычных сюжэтаў. На сем моў перакладзена кніга Ф.Аляхновіча «У капцюрах ГПУ». Як сведка ён першым у Еўропе распавёў пра сістэму карнай дзейнасці ГУЛАГу, заклаўшы традыцыю айчыннай мемуарнай літаратуры, прысвечанай тэме сталінскіх рэпрэсій.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0