Яго вызвалілі з шклоўскай калёніі, дзе ён адбываў пакараньне. Паводле словаў Зьмітра, навіна пра вызваленьне для яго была поўнай нечаканасьцю.

Нагадаем, што ў лістападзе 2006 г. (ад верасьня 2006 г. ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары) Дашкевіч быў асуджаны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». На волю ён меўся выйсьці 15 сакавіка 2008 г.

«У сераду каля 17-й міцыянты прыйшлі на працу і адвялі мяне ў штаб, — распавядае Дашкевіч. — Там мне паведамілі, што рашэньнем Вярхоўнага Суду ад 22 студзеня мой тэрмін зьняволеньня быў зьменшаны да году». Хоць з хадайніцтвам у ВС Зьміцер не зьвяртаўся. Не сьвяціла яму і ўмоўна-датэрміновае вызваленьне — зь пяцьцю «парушэньнямі рэжыму». Высьветлілася ўрэшце, што Дашкевіч пераседзеў у калёніі лішнія чатыры месяцы. «У адказ на пытаньне, як жа з гэтымі месяцамі быць, мне параілі хутчэй сабрацца, і каб сёньня ж мяне ў калёніі не было».

З Шклова Зьміцер скіраваўся ў Воршу, адкуль найзручнейшы шлях у Менск. Дашкевіч не выглядае змучаным — ён праменіцца радасьцю, увесь час жартуе. Перад выхадам на волю яму выплацілі заробленыя на лягернай пілараме рублі. На іх ён накупляў гарбаты і частаваў на аршанскім вакзале ўсіх, хто прыехаў яго сустрэць — Барыса Гарэцкага з «МФ», сяброў-пратэстантаў, журналістаў.

Поўнай нечаканкай было вызваленьне сына і для бацькоў. Як расказаў Вячаслаў Дашкевіч, дзесяць дзён таму яны адправілі сыну бандэроль, але пазаўчора яе вярнулі безь ніякіх тлумачэньняў. Бацькі ўспрынялі гэта як нейкія бюракратычныя перашкоды, а ня сьведчаньне хуткага вызваленьня. «Калі мы ездзілі да сына ў калёнію, ён прынёс нам дзьве вялікія торбы ягонай турэмнай перапіскі. Але ён ня думаў, што выйдзе на волю, ён чакаў чагосьці горшага. Зьміцер быў упэўнены, што сядзець яшчэ доўга», — кажа бацька.

З Воршы Зьміцер адразу ж уначы скіраваўся ў Менск. Ён зьбіраецца засяродзіцца на палітычнай дзейнасьці, вулічных акцыях Вясны-2008, будзе рабіць спробы зарэгістраваць «Малады фронт». Дашкевіч не шкадуе, што прайшоў праз такое выпрабаваньне: «У камэрах людзі ўсё разумеюць, там ведалі, напрыклад, пра акцыі прадпрымальнікаў, якія адбываліся ў Беларусі, там падтрымліваюць палітычныя зьмены».

Цімох Дранчук, кіраўнік аргкамітэту «Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных» бачыць у вызваленьнях пазытыўную тэндэнцыю: «Магчыма, улады зразумелі, што недастаткова ўзяць крэдыт у Расеі, каб захавацца. Вызваленьні Аўтуховіча і Дашкевіча — першы крок на шляху выкананьня 12-ці ўмоваў Эўразьвязу. Нельга сказаць, што тут толькі палітычная гульня, гэта канкрэтныя крокі».

«Абсалютна нечаканае вызваленьне! — згаджаецца праваабаронца Алесь Бяляцкі. — Тым больш на фоне апошніх затрыманьняў і «справы Зьдзьвіжкова». Можна меркаваць, што паўплывала цьвёрдая пазыцыя Эўропы па палітычных вязьнях Беларусі. Магчыма, гэта новая спроба рэжыму залагодзіць Захад і зьняць напружанасьць сытуацыі».

Зьміцер Панкавец

***

Бацькі Дашкевіча: Вызваленьне Зьмітра стала для нас поўнай нечаканасьцю.

Як расказаў бацька Зьмітра, Вячаслаў Дашкевіч, 10 дзён таму яны адправілі сыну бандэроль, але пазаўчора яе вярнулі безь ніякіх тлумачэньняў. Але бацькі ўспрынялі гэта як нейкія бюракратычныя перашкоды, а ня сьведчаньне хуткага вызваленьня.

«Калі мы ездзілі да сына ў калёнію, ён прынёс нам дзьве вялікія торбы ягонай турэмнай перапіскі. Але ён ня думаў, што выйдзе на волю, ён чакаў чагосьці горшага. Зьміцер быў упэўнены, што сядзець яшчэ доўга. І мы таксама ня думалі, што ён так хутка будзе з намі,» — кажа бацька.

Маці Зьмітра плача ад радасьці, хаця хвалюецца за тое, як сын даедзе дадому. «Дзякуй Богу, і дзякуй ўсім добрым людзям, што нас падтрымлівалі. Ўсё будзе добра, я ведаю. Хоць бы хутчэй ён прыехаў».

Бацькі кажуць, што праглядалі турэмную перапіску сына, і ўбачылі там шмат лістоў з розных краін і розных гарадоў Беларусі. Яны шчыра дзякуюць усім, хто дапамагаў Зьмітру ў гэты цяжкі час.

* * *

Праваабаронца Алесь Бяляцкі:

«Абсалютна нечаканае вызваленьне! Тым больш на фоне апошніх затрыманьняў і «справы Зьдзьвіжкова». Хаця тыдзень таму быў вызвалены Аўтуховіч, ніхто ня думаў, што зараз вызваляць і Дашкевіча.

Няпроста зразумець, чаму гэта адбылося, можна толькі меркаваць, што паўплывала цьвёрдая пазыцыя Эўропы па палітычных вязьнях Беларусі. Магчыма, гэта новая спроба рэжыму залагодзіць Захад і зьняць напружанасьць сытуацыі».

* * *

Цімох Дранчук, кіраўнік аргкамітэту «Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных»:

«Я бачу пазытыўную тэндэнцыю ў тым, як нечакана вызвалілі Зьмітра. Магчыма, улады зразумелі, што недастаткова ўзяць крэдыт у Расеі, каб захавацца. Вызваленьні Аўтуховіча і Дашкевіча — першы крок на шляху выкананьня 12‑ці ўмоваў Эўразьвязу. Нельга сказаць, што тут толькі палітычная гульня, гэта канкрэтныя крокі.

Ня гледзячы на ўсе палітычныя моманты, віншую Зьмітра! Галоўнае, што ён на свабодзе».

* * *

Станіслаў Шушкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, старшыня парлямэнту ў 1991-1994 гг.:

«Пра вызваленьне Зьмітра чую ўпершыню, ад вас, і гэта выдатная навіна. Зьміцер Дашкевіч — цудоўны малады чалавек, не было за што яго саджаць. Ягоны арышт — гэта ганьба ўладзе. Я лічу, яны вымушаныя былі паказаць нешта прыстойнае са свайго боку пасьля падзей з прадпрымальнікамі, прадэманстраваць нейкую людзкасьць. Хаця насамрэч ні ў гэтай уладзе, ні ў юрыдычнай сыстэме, ні ў заканадаўстве нічога людзкага няма. Чалавека могуць асудзіць ні за што, пасадзіць у турму. Гэта чыстыя нелюдзі».

Запісаў Яраслаў Сьцешык

Polatsk. Photo by Julia Darashkevich
Зьміцер Дашкевіч па вызваленьні

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0