Артыкул пра «Горад бога малпаў» у Гандурасе зацікавіў эксперта з Беларусі.
Адкрытае экспедыцыяй з удзелам Яўгена Красуліна ў 2001 годзе гарадзішча майя. На першым плане — схіл піраміды і дзве каменныя стэлы. Сэльва на тэрыторыі гарадзішча была выпаленай мясцовым фермерам. Фота з уласнага архіву Яўгена Красуліна
«Легенда пра «Белы Горад», быццам згублены недзе ў гандураскай сэльве старажытны горад, фігуруе ў матэрыяле дзеля прыцягненьня ўвагі гледачоў, што заўжды спрацоўвала, — сцвярджае Красулін. — Такіх легендаў на ўсіх кантынентах процьма, а ў Новым Свеце імі хоць гаць гаці. Пры гэтым, канечне, «Белы Горад» не мае прывязкі ні да якога канкрэтнага гарадзішча, якіх у джуyглях Маскіта ўжо знайшлі каля дзвюх соцень».
Назва «Горад Бога Малпаў» узнікла ў канцы 1930-х, дадае ён, «з лёгкай рукі аднаго з даследчыкаў, які, быццам, пачуў гэтую назву ад мясцовых індзейцаў».
Знойдзенае ў Гандурасе гарадзішча датуецца, хутчэй за ўсё, 500-1000 гг. н.э., мяркуе гісторык.
«Пабудаванае яно было народам, продкі якога перасяліліся на тэрыторыю Гандураса з Паўднёвай Амерыкі, — сцвярджае Красулін. — На новым месцы перасяленцы трапілі пад уплыў вялікіх месаамерыканскіх цывілізацый, перш за ўсё, цывілізацыі майя. Таму пра аніякую «новую цывілізацыю» гаворкі ісці не можа, і сенсацыйнасці ў знаходкі мала».
Само гарадзішча нагадвае гісторыку тыя комплексы майя, якія ён бачыў на поўдні мексіканскага штата Кінтана-Ро.
«А там яшчэ вывучаць і вывучаць, каб атрымаць хоць прыблізнае ўяўленне пра цывілізацыю майя, дзе заняпад вялікіх гарадоў Класічнага перыяду (І тыс. н.э.) уяўляецца мо і не самай цікавай праблемай», — кажа Красулін.
***
Яўген Красулін — гісторык, дацэнт гістарычнага факультэта БДУ. У аспірантуры Маскоўскага ўніверсітэта спецыялізаваўся па гісторыі цывілізацыі майя. Удзельнічаў у экспедыцыі на паўвыспу Юкатан, асноўнай мэтай якой быў пошук іерагліфічных помнікаў майя. Падчас экспедыцыі быў адкрыты невядомы раней горад майя з значнай колькасцю эпіграфічных помнікаў. Сёння выкладае гісторыю краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.