Эдуард Акулін

Кажуць, што касэтныя варыянты двух альбомаў Эдуарда Акуліна разыйшліся ў народ проста вялізнымі накладамі. Ад часу выданьня аднаго зь іх — «Мая Крывія» прайшло ўжо 13 год. З таго часу гэты выканаўца сапраўды ўвайшоў у пачэсныя бардаўскія шэрагі і шануецца ня менш за Алеся Камоцкага ці Сяргей Сокалава‑Воюша. Тым і тлумчыцца ініцыятыва выдаўцоў дыску пад назвай «Песьні залатой Крывіі» выдаць яго ў сэрыі «Беларускі музычны архіў».

Сам Эдуард Акулін кажа, што гэта настолькі пачэсна, што раней ён і марыць ня сьмеў пра такі гонар:

«Менавіта ў гэтай пашанотнай сэрыі да мяне выйшлі дыскі такіх славутасьцяў, як Забэйда‑Суміцкі і Равенскі, песьні на вершы Ларысы Геніюш, альбомы Сокалава‑Воюша і Данчыка… Вядома ж я згадзіўся на прапанову перавыдаць свае альбомы на дыску!», — кажа бард.

Пры гэтым ён зазначае, што праца над «Песьнямі залатой Крывіі» зацягнулася ажно на год:

«Але можа тое і да лепшага, бо дыск быў гатовы на Каляды — добры сьвяточны падарунак і мне, і маім прыхільнікам».

На «Песьні…» зьмесьцілася ажно 37 трэкаў, у тым ліку вядомыя «акулінскія» гіты «Гэта мы!», «Зорка Максіма», «Амур і сумны і прыгожы» (на верш Багдановіча). Гэта матэрыял двух альбомаў — згаданай ужо «Маёй Крывіі» (1995) і «Як яна і я» (2000). І калі песьні з альбома сямігадовай даўніны яшчэ захаваліся ў прыстойнай якасьці, то некаторыя першыя кампазыцыі Эдуарда ўратаваць не ўдалося:

«Пяць песень давялося перапісаць наноў, бо запіс на касэтах недаўгавечны, — апавядае бард. — Каб не расчараваць сваіх прыхільнікаў я пайшоў на гэты крок. Некаму сьвежыя запісы вядомых ужо песень спадабаліся яшчэ болей, а нехта выказаў свае заўвагі. Вітаўт Мартынека вось сказаў, што нельга ўвайсьці двойчы ў адну і тую ж раку, бо ранейшы запіс меў іншую энэргетыку. Магчыма, тут ёсьць нейкая рацыя».

Свае старыя‑новыя песьні і гэты дыск Эдуард Акулін мяркуе прэзэнтаваць па самым бліжэйшым часе — 2 лютага ў дольнай залі менскага Чырвонага касьцёлу адбудзецца імпрэза, прысьвечаная «Песьням залатой Крывіі». Бард запрасіў узяць у ёй удзел вядомых беларускіх літаратараў і музыкаў. Будуць Алесь Камоцкі і Вольга Іпатава, Кастусь Герашчанка і Леанід Дранько‑Майсюк. Выканаўца запрашае ўсіх, хто шануе роднае слова прыйсьці на гэтую імпрэзу.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

2 лютага. 18:00. Менск. Чырвоны касьцёл
Творчая вечарына Эдуарда Акуліна з прэзэнтацыяй альбома «Песьні Залатой Крывіі»
У імпрэзе бяруць удзел: Алесь Камоцкі, Ніл Гілевіч, Вольга Іпатава, Леанід Дранько‑Майсюк, Кастусь Герашчанка, Анатоль Мяльгуй, Віталь Супрановіч ды іншыя
Уваход вольны. Даведкі: (029) 649‑08‑88.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0