Група экспертаў у ЗША прадэгуставала віно з бутэлькі, знойдзенай чатыры гады таму на патанулым ў 1864 годзе ля ўзбярэжжа Бермудзкіх выспаў караблі.
Некалькі дзясяткаў чалавек набылі квіткі, каб патрапіць на кулінарны фестываль у горадзе Чарльстан, Паўднёвая Караліна, каб паназіраць за дэгустацыяй.
«Я ўжо спрабаваў у мінулым віны з патанулых караблёў. Яны бываюць часам нядрэннымі», — цытуе Рэйтэр аднаго з экспертаў самелье Пола Робертса.
На гэты раз віно з бутэлькі, што праляжала 150 гадоў на дне акіяна, аказалася жоўта-шэрай мутнаватай вадкасцю, якая па смаку нагадала самелье сумесь з салёнай вады, воцату, серы і бензіну. Эксперты ўлавілі таксама лёгкія цытрусавыя ноткі і сляды алкаголю.
У разгар Грамадзянскай вайны ў ЗША параход «Мэры Селестыя» перавозіў груз для войска Канфедэрацыі, наткнуўся на рыф і затануў праз шэсць хвілін.