У эпоху, калі пра оперных спевакоў — тых, хто сапраўды ўмее спяваць, гэтых самаахвярных артыстаў самага складанага з выканальніцкіх мастацтваў, — ніхто амаль не піша і іх не пазнаюць на вуліцы, калі тэатр усур’ёз лічыць дарэчнай гучную прымітыўную рэкламу, перанасычанаю таннымі, скрозь дэвальваванымі словамі кшталту «зорка» і «ўнікальны», Тамара Мікалаеўна Ніжнікава, сапраўдная легенда Беларускай оперы, святкуе сёння 90 дзень нараджэння.

Цяжка паверыць, але хіба што толькі яна цяпер памятае іншую эпоху, калі ўсенародная слава і любоў часам мела крайнія, самыя эйфарычныя формы…

Жывуць дасюль і такія містыфікацыі: Мікалай Ворвулеў выходзіў з любімага рэстарана насупраць галоўпаштамта, а студэнты і падлеткі ішлі за ім па праспекце Сталіна да Круглай пошты, тузаючы яго за крысо паліто, просячы праспяваць вядомыя арыі, што ён ахвотна рабіў… Зіновія Бабія падчэквалі на выхадзе са службовага пад’езда, гайдалі на руках… А на пахаванне Александроўскай прыйшло хіба не меней людзей, чым на пахаванне Машэрава ў той жа год… І Машэраў быў…

Ніжнікава, гэты маленькі кругленькі ўсмешлівы «цуд з касічкамі», як яе потым назавуць, гадаванка выдатнага педагога Маскоўскай кансерваторыі, Марыі Уладзіміравай, з мужам-музыкантам, таксама маладым спецыялістам, у 1949 прыехала ў Мінск, партыя і ўрад адправіла іх на два гады ў Албанію на педагагічную работу. Маладая сацыялістычная Албанія Ходжы прагнула кваліфікаваных спецыялістаў, у тым ліку ў акадэмічнай музыцы. І Іосіф Вісарыёнавіч такіх спецыялістаў даваў — поўных энтузіязму, маладых і таленавітых.

1951 год, год вяртання ў Мінск, стаў пачаткам трыумфу. Беларуская опера доўгі час не мела свайго першакласнага ўласна каларатурнага сапрана, здольнага паспяхова і стабільна выконваць партыі першага становішча. Дагэтуль партыі каларатурнага сапрана даручаліся ў асноўным лірыка-каларатурным, лірычным сапрана — Доры Кроз, Паліне Жэзмер, Ларысе Аляксеевай — усё гэта было даваеннае, першае пакаленне артыстаў Беларускай оперы. 1940—1950-я сталі часам змены пакаленняў. Заззялі новыя імёны, а пад Ніжнікаву сталі ставіць спектаклі, а яшчэ пазней — непасрэдна пісаць оперы з прыцэлам на яе (Р.Пукст, Ю.Семяняка і інш.)

Ужо праз пяць гадоў пасля свайго беларускага дэбюту — гэта было амаль экспромтам, без рэпетыцый, 9 кастрычніка 1949 года ў партыі Разіны ў «Севільскім цырульніку», якая стане яе кароннай, — пасля двухгадовага перапынку, яна робіцца заслужанай артысткай Беларусі (1954), а яшчэ праз год — народнай. Заваёўвае прызнанне калег. Ларыса Александроўская ў 1960 годзе, ужо не спявачка, а кіраўнік тэатра, пісала пра Ніжнікаву: «Здольна знайсці адрозныя рысы ў кожным вобразе, які яна стварае, і не паўтарыцца. Гранічная музычнасць, бездакорная інтанацыя, дасканалая тэхніка плюс акцёрскае майстэрства, уменне пераваўсабляцца пры вялізарнай усепераможнай абаяльнасці, Тамара Мікалаеўна стала найлепшай айчыннай выканальніцай партый каларатурнага сапрана». У 1964 Ніжнікава стала народнай артысткай СССР.

Мяккі, звонкі, палётны, рухомы голас чыстага серабрыстага тэмбру, філігранная каларатурная тэхніка ў традыцыях мастацтва бельканта. Выканальніцкая манера Ніжнікавай — гэта спалучэнне вялікай абаяльнасці, лірызму, юначай трапяткосці, шчырасці, адданасць аўтарскай задуме і стылю твора пры свежасці інтанацый у творах з вялікай сцэнічнай гісторыяй.

Агулам Ніжнікава стварыла каля трыццаці разнапланавых вобразаў у операх нацыянальнага і класічнага рэпертуару. Сярод іх: Марфачка «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага, Юлечка («Надзея Дурава» А.Багатырова), Марынка (аднайменная опера Р.Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.Семянякі), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Валхава, Марфа, Шэмаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Лена («Кастрычнік» В.Мурадэлі), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Адзіна («Любоўны напой» Г.Даніцэці), Джыльда, Віялета, Аскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Цэрліна («Фра-д'явала» Ф.Абэра), Лакмэ (аднайменная опера Л.Дэліба), Лэйла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.Бізэ), Манон, Сафі («Манон», «Вертэр» Ж.Маснэ). Бліскуча выконвала таксама характарныя партыі (Баба-Лапатуха ў оперы «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага, Ліса ў оперы «Церам-церамок» І.Польскага), а таксама партыі ў класічных аперэтах — быў час, калі тэатр імі вельмі актыўна захапляўся, асабліва ў 1960-я: Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.Штраўса), Жэрмена («Карнявільскія званы» Р.Планкета). Зараз нават цяжка ўявіць сабе такую стылістычную разнастайнасць рэпертуару ў нашым тэатры.

Голас Тамары Мікалаеўны гучаў у тэатры да 1976 года.

Тамара Мікалаеўна вяла і актыўную канцэртную дзейнасць (майстэрству камерных спеваў яна вучылася ў класе Анатоля Даліво, спевака высокай вакальнай культуры). Захоплена распавядала артыстка пра свае гастролі па Беларусі — пералёты на «кукурузніках» і пераезды ў кузавах грузавікоў, выступленні ў жніўным полі і пераапрананні ў канцэртныя сукенкі за стогам саломы…

Ніжнікава стала нястомным папулярызатарам беларускай музыкі, камерныя творы для яе пісалі ці не ўсе прафесійныя кампазітары-сучаснікі спявачкі (Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Дз.Лукас, Р.Пукст, Ю.Семяняка, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.).

А яшчэ яна, ураджэнка Паволжа, дачка самарскіх мяшчан (бацька Тамары быў бухгалтарам, а маці капялюшніцай), закахалася ў Беларусь і беларускую мову, і стала, як гэта часценька бывае, большай беларускай і патрыёткай за многіх беларусаў. Заўсёды пры нагодзе яна падкрэслівае любоў да сваёй другой радзімы, якая прынесла ёй поспех, беларускага слова, беларускай песні, меласу, музычнай спадчыны.

«Беларусь — галасістая краіна», — любіць падкрэсліваць Ніжнікава.

І тут таксама ёсць яе ўклад.

З 1964 Тамара Мікалаеўна выкладае ў кансерваторыі — і ўвага! — дасюль выкладае! У 1976—1986 прафесар Ніжнікава была загадчыцай кафедры спеваў, а з 2014 года гэтую кафедру ўзначальвае ўжо яе вучаніца — Таццяна Цыбульская.

Выдатным педагогам стаў і іншы вучань Ніжнікавай — Георгій Юрэвіч, што працуе ў Маладзечне.

Ну а на опернай сцэне дабіліся поспеху многія яе вучаніцы, сярод якіх цудоўнае каларатурнае сапрана Алена Шведава, а таксама вытанчаная, інтэлектуальная артыстка, лірыка-каларатурнае сапрана, Алена Бундзелева.

Спявалі калісьці ў нашым оперным таксама Вікторыя Курбацкая і Галіна Лукомская, першая нават некаторы кароткі час была прымай.

У Музычным тэатры ў вакале няма роўных Лесі Лют. Спіс можна доўжыць і доўжыць…

За салідным, паважным творчым шляхам артысткі стаіць, як гэта цяжка бывае, пакручастае жыццё асабістае… Няўдачы ў асабістым жыцці, клопат пра дзяцей, цяжкое дзяцінства… Артыстка прызнаецца, што не мелася быць ёй, але лёс выкіраваў так, што яна спраўдзіла мару свайго бацькі, які з маладых гадоў дачкі заслухоўваўся яе спевам.

Шлях да прафесіі быў не менш пакручастым. Паказальныя такія эпізоды — у вайну, зусім дзяўчынай, Ніжнікава ідзе працаваць на авіяцыйны завод, працуе за рознымі відамі дрэваапрацоўчых станкоў, падумвае стаць інжынерам-канструктарам.

Пазней, у разгар вайны, маладая Тамара працуе медсястрой, цягаючы на сваіх плячах салдат, што прывозілі баржамі з-пад Сталінграда ў яе родную Самару. Там яна ўпершыню сутыкаецца з па-быкаўску экзістэнцыяльнымі выбарамі, сітуацыямі, створанымі вайной — каго выбіраць з мора параненых, кожны якіх просіць забраць яго?

Цяпер Тамара марыць стаць хірургам, нават асістуе ў шпіталях падчас аперацый, яе талент выкарыстоваюць замест наркозу — яна спявае пацыентам! Пяшчотна, шчыра, любоўна, цёпла, па-ніжнікаўску, угаворвае цярпець. Мару стаць хірургам перабіў выпадак — падчас аперацыі па ампутацыі нагі, дзяўчыне стала блага, калі хірург уручыў ёй адрэзаную канечнасць і загадаў трымаць. Тамара знепрытомнела, але нагу трымала моцна, не выпусціла з рук, хоць сама павалілася.

На праслухоўванні ў эстраднай школе, дзяўчыне сказалі і не думаць пра эстраду і накіравалі ў Маскоўскую кансерваторыю. Ну а пасля яе Тамара Ніжнікава стала дачкой Беларусі.

Велізарная абаяльнасць, усёпераможны бязмежны аптымізм, дружалюбнасць, якія нястомна дэманструе артыстка, ёсць сакрэтамі поспеху і народнай любові, і жыццёвага даўгалецця. Многая лета!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0