На тле палітычных рэпрэсіяў неяк сьціхлі размовы пра магчымую «лібэралізацыю» дзейнага рэжыму і пэрспэктываў правядзеньня ў Беларусі рэформаў. Аднак шмат якія тэндэнцыі акурат паказваюць, што ў сыстэме пачынаюцца якасныя зрухі. Піша Віталь Сіліцкі.

Можна, канечне, сказаць, што нейкія перамены — гэта нармальны стан любой істоты ці сыстэмы, любога арганізму. І ўсё ж, адна справа — гэта рост валасоў на галаве, і іншая — іх выпадзеньне.

Пра тое, куды кіруецца Беларусь, не заўжды можна меркаваць, зыходзячы з балянсу адкручаных і закручаных гаек, вызваленых ці пасаджаных вязьняў, прынятых і адмененых маразматычных нарматыўных актаў і «ператраханых» чыноўнікаў з канкуруючых груповак. Ва ўмовах закрытага грамадзтва, палітычны дыскурс зьяўляецца адным зь нешматлікіх (разам, бадай што, з чэрчылеўскімі бульдогамі, што вылятаюць з‑пад дывана) індыкатараў таго, што насамрэч адбываецца ў краіне. У гэтым пляне апошнія месяцы і нават тыдні вызначыліся вельмі паказальнымі мэтамарфозамі і загагулінамі.

Напрыклад, упершыню за апошнія гады ўлада ня толькі спрабавала навязаць уласную вэрсію «нацыянальнага», якая пры гэтым адмаўляла і дыскрэдытавала беларускі нацыяналізм, але і пачала запазычваць пэўныя элемэнты з апошняга. Тут і афіцыйныя імпрэзы на 25 Сакавіка (хаця гэтая падзея, хутчэй, нагадвала, як хрысьціяне прасоўвалі сваю рэлігію, прымацоўваючы свае сьвяты да паганскага календара), і забаўная спроба КДБ вывесьці гісторыю сваіх спэцслужбаў з часоў Полацкага княства і ВКЛ, і супярэчлівая, але ад гэтага ня менш знакавая сустрэча спадара Праляскоўскага з апальнымі музыкамі і працэс іхнага павароту ў афіцыйную мэдыйную прастору і на канцэртныя пляцоўкі, які дэ‑факта распачаўся. Канечне, гэтыя тэндэнцыі ня значаць, што адбыліся фундамэнтальныя зьмены ў дзяржаўнай ідэалёгіі, на іх тле варта заўважыць і працяг большасьці з антынацыянальных практыкаў уладаў. Аднак упершыню альтэрнатыўны ўладам нацыянальны дыскурс робіцца ня ворагам, якога зьнішчаюць, калі ён не здаецца, а аб’ектам інкарпарацыі. Менавіта гэтая рэканфігурацыя і справакавала столькі дыскусіяў вакол паходу музыкаў да Праляскоўскага — гульцы на апазыцыйным полі сутыкнуліся з пэрспэктывай зьмяншэньня і без таго мізэрнага сымбалічнага і культурнага капіталу, якім яны раней валодалі.

Можна, канечне, аднесьці гэтыя нечаканасьці на пэрыяд няўпэўненасьці ў беларуска‑расейскіх стасунках. Але нават пасьля таго, як вуглевадародныя справы, здаецца, залатвіў стабілізацыйны крэдыт і ўнутрыпалітычны курс пачаў вяртацца на кругі свае, сюрпрызы ў стасунках улады з грамадзтвам не перапыняюцца. Словы «мы — нацыя», якімі распачаў навагодні зварот Аляксандар Лукашэнка, дагэтуль падаюцца неймавернымі. Пад такое запэўніваньне кіраўніка дзяржавы ў Беларусі не пачынаўся, бадай, аніводны Новы год, прынамсі, з часоў Станіслава Шушкевіча. І нават тое, што сам панятак нацыі ў мове двух постсавецкіх кіраўнікоў Беларусі можа дыямэтральна розьніцца, нельга не заўважыць, што Лукашэнка пачынае пераглядаць тыя прапагандысцкія моманты, якія складалі аснову ягонай ранейшай афіцыйнай ідэалёгіі.

«Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае» ў афіцыйным дыскурсе заўжды выкарыстоўвалася з улікам сучаснага палітычнага моманту. Відавочныя зьмены адбыліся недзе ў пачатку дзесяцігодзьдзя. Калі дагэтуль нарастаньне эканамічных цяжкасьцяў і замежнапалітычнага ціску спрычыняла чарговую інтэграцыйную кампанію беларускіх уладаў на ўсходнім кірунку, то пасьля вядомых гісторыяў з мухамі і катлетамі сытуацыя памянялася — рыторыка незалежнасьці акурат стала выходзіць на авансцэну ў пэрыяд эканамічных цяжкасьцяў і замежнага ціску, рэальнага ці віртуальнага. І калі базавае пасланьне апошняга навагодняга звароту працягвае гэтую тэндэнцыю, то ў іншым можна назіраць цікавыя зьмены.

На працягу амаль дзесяцігодзьдзя Лукашэнка, каб вызначыць свае дачыненьні зь беларускім грамадзтвам, выкарыстоўваў мэтафары кшталту «крыштальны сасуд» або «маленькая дзяўчынка, якую я нясу на руках». Відавочна, менавіта такой няўпэўненай у сабе «маленькай дзяўчынкай» беларуская нацыя і была патрэбная на той момант. Гэтая дзяўчынка нечым нагадвала здань, якая перасьледавала аднаго вядомага генія ў вядомым фільме «Гульні розуму» (герой, нагадаем, даў рады сваёй параноі акурат таму, што заўважыў, што маленькі чалавечак за дзесяць год не падрос). Ды і крытэры адметнасьці, своеасаблівасьці беларусаў былі ў афіцыйнай інтэрпрэтацыі, падчас узмацненьня «незалежніцкіх» настрояў ва ўладных колах, своеасаблівымі. Улада прэзэнтавала Беларусь хіба як найбольш не крануты працэсамі мадэрнізацыі і вэстэрнізацыі аскепак «усходнеславянскага этнасу», які, дзякуючы акурат супраціву культурнай і эканамічнай калянізацыі, нібыта заслужыў статус «маральнага лідэра» на постсавецкай прасторы.

Шмат у чым падобная рыторыка захавалася і да гэтага дня, пра што сьведчаць і прамова ў Катэдральным саборы на праваслаўныя Каляды, і той жа самы навагодні зварот, у якім Лукашэнка кажа пра краіну, якая «выпакутавала сваю незалежнасьць» і «не згаджаецца стаць іх (Захаду) марыянэткай». Нельга, аднак, не заўважыць і істотнага адыходу ад дыскурсу «крыштальнага сасуда». Лукашэнка пачаў казаць пра самадастатковасьць, якая зусім ня зводзіцца да ідэяў чучхеянства. Ён абяцае свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і сьцьвярджае, што Беларусь ужо перарасла пэўныя практыкі, якія вызначалі дачыненьні паміж дзяржавай і грамадзтвам у папярэднія часы. Ён ужо не «змагаецца за ўраджай», а спрабуе «працаваць сыстэмна і спакойна». Ён акцэнтуе не змаганьне за паварот да савецкіх стандартаў і паказьнікаў, а ганарыцца тым, што краіна разьвіла шэраг вытворчасьцяў, «пра якія нават ня марылі за савецкія часы». Нарэшце, ён кажа пра тое, што Беларусь стала ня толькі «адзінай, згуртаванай нацыяй», але і нацыяй «энэргічнай, моцнай духам», нагадываючы пры гэтым, што «дзяржава — ня Дзед Мароз, які можа прыносіць падарункі і раздаваць абяцаньні». Тэндэнцыя ўзмацненьня гэтых зусім нетыповых для патэрналісцкай лукашэнкаўскай улады нотак — пра самадастатковасьць, пэрсанальную адказнасьць і прыватную ініцыятыву — назіралася ў рыторыцы як самой першай асобы, так і набліжаных да яе на працягу ўсяго году (час ад часу здавалася, што «Саўбелія» запрасіла Яраслава Раманчука ў якасьці эканамічнага аглядальніка).

Можна казаць пра пэўныя заканамернасьці ва ўзаемасувязі палітычнага курсу, эканамічнай палітыкі і афіцыйнага дыскурсу, якія прасочваюцца праз увесь лукашэнкаўскі пэрыяд. Раньні, «Дажынкавы» лукашызм — гэта пэрыяд вяртаньня ў савецкія часы, самазахаваньня, якое можна было забясьпечыць толькі галечай (што выразілася ў інфляцыйным ажыўленьні эканомікі), якая, у сваю чаргу, магла быць апраўданая толькі культам чаркі і скваркі, і інтэграцыйнымі пацалункамі. «Дажынкі» былі квінтэсэнцыяй гэтага пэрыяду. «Аграгарадковы» лукашызм пачатку 2000‑х гадоў — гэта пачатак «чырвона‑зялёнага эрзац‑нацыяналізму», які быў спрычынены пераходам да культу спажывальніцтва як сродку легітымізацыі ўлады. Неабходным сродкам паўстаньня лукашэнкаўскага спажывецкага грамадзтва была зьмена макраэканамічнай палітыкі (спадар Пракаповіч, дарэчы, — сапраўдны герой свайго часу), а лягічнай культурнай праявай (бо грошы ж зьявіліся) — аўтарытарны глямур паводле вэрсіі сямідзесяціадсоткавых сьпевакоў і вядоўцаў зноў утвораных «нацыянальных» тэлеканалаў. Канечне, кожны новы этап цалкам не перакрэсьлівае папярэдніх. Таму глямурныя паненкі з собскіх тэлеканалаў ліха танчаць на «Дажынках» і час ад часу дазваляюць сабе крыкнуць «Жыве Беларусь» на афіцыйных імпрэзах. Магчыма, «экакурортны» лукашызм увасобіцца ў яшчэ большай ідэалягічнай блытаніне з ухілам да культу «моцнага прыватніка», а глямурныя паненкі і пані з афіцыйных каналаў будуць часьцей пераапранацца ў строі старадаўніх літвінак. Так, ужо ўшчэнт раскрытыкаваны праект «Павлинка New» на АНТ можа стаць своеасаблівым культурным сымбалем экакурортнага лукашызму.

Канечне, палітычная рыторыка і практыка — дзьве розныя рэчы. Прыватныя прадпрымальнікі ўжо, напрыклад, пасьпелі ацаніць тую «свабоду прадпрымальніцтва», якую ім варта чакаць у новым палітычным сэзоне. У адрозьненьне ад мадэрнізацыйных працэсаў, працэсы нацыянальнага разьвіцьця незваротнымі не зьяўляюцца. Аднак відавочна, што ўлада імкнецца знайсьці новыя сродкі самалегітымізацыі і перафарматаваць свае стасункі (даруйце за заежджаны тэрмін) — «сацыяльны кантракт» з грамадзтвам. І нават калі гэтае імкненьне не зусім шчырае, нават зусім няшчырае, нават заяўка пра тое, што далей жыць трэба па‑новаму, як мінімум, стымулюе зьмены ў грамадзкай думцы і адкрывае прастору для якасна новых грамадзкіх запатрабаваньняў.

Здаецца, што дзяўчынка нарэшце пачала расьці і дасягнула пераходнага ўзросту. Нядаўняе гарэзьлівае дзіця ператварылася ў шалапутную паненку, якую ўжо так проста не пацягаеш на бацькоўскіх руках і не залагодзіш цукеркамі зь сельпо. Як кажуць у народзе, малыя дзеткі, малыя і бедкі, а на ўтрыманьне паненкі ох як шмат трэба, а тут яшчэ і ў бацькоў перадпэнсійны ўзрост на даляглядзе. Вось і пачаў паненцы бацька нагадваць, што прыйшоў час пераходзіць на свой хлеб. Аднак, тут і бацькам трэба думаць, каб не перабаршчыць з самаўтрыманьнем: самастойная і самадастатковая кабета можа зьмяніць іхны ўласны дом да непазнавальнасьці, а то і наўпрост прывесьці ў дом жаніха, а бацькоў саслаць у дом састарэлых. Пытаньне, зь якога боку прывядзе жаніха нашая шалапутная паненка, таксама застаецца адкрытым…

Магчыма, каб уявіць сабе, што адбываецца і будзе адбывацца ў Беларусі ў бліжэйшы час, варта ўявіць яе нацыяй пераходнага ўзросту. Нацыянальнае і дзяржаўнае самавызначэньне ў сучаснай Беларусі падштурхоўваецца, найперш, аб’ектыўнымі і незваротнымі працэсамі сацыяльнай і эканамічнай мадэрнізацыі. Гэтыя працэсы не паддаюцца апісаньню нейкімі лінеарнымі тэндэнцыямі (таму працэсы «лібэралізацыі» і «адкату» могуць праходзіць адначасова). Прага новых сацыяльных умоваў, новай якасьці жыцьця непазьбежна спрычыняе такія ж канфлікты са старым ладам жыцьця і правіламі гульні, якія ў шалапутнай паненкі выклікае калісьці звыклае патрабаваньне бацькоў быць дома да дзевяці гадзінаў вечару. Канфлікты могуць суправаджацца часовымі перамогамі бакоў («адкатамі» і «лібэралізацыямі»), могуць узьнікаць кампрамісы, аднак, як і калі бацькі пачынаюць нацякаць дзецям пра пераход на свой хлеб, старой патрыярхальнай гармоніі і дамастрою ў сям’і ўжо не дачакаесься. Карацей, вэлкам у пераходны ўзрост!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?