На выхадных беларускае сеціва скалыхнула навіна пра развод вядомай беларускай бізнэс-пары Віталя і Ксеніі Шураўкаў, якім належыць партал Onliner.by. Пры гэтым паведамлялася, што «кантрольны пакет акцый» застаўся ў Ксеніі Шураўкі.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» звязаўся з Віталём Шураўкам, каб даведацца аб абставінах справы:

«Я не разумею, адкуль узялася гэта навіна, бо мы развяліся яшчэ год таму і пра гэта ўсё забылі. Я і Ксенія ва ўсім разабраліся, па факце ў нас нічога не змянілася. Паміж намі добрыя адносіны і няма ніякіх праблем. Трэба разумець і тое, што «Анлайнер» не акцыянернае таварыства і не публічная кампанія, у нас няма акцый. Мы як разам працавалі, так і працуем. Я адказваю за свае кірункі, Ксенія адказвае за свае».

Ксенія Шураўка таксама патлумачыла, што журналісты выкарысталі няправільныя фармулёўкі: у «Анлайнеры» яна валодае не кантрольным пакетам акцый, а ёй сфармавана 51% статутнага капіталу. Пры гэтым Ксенія адначасова займае пасаду дырэктара кампаніі.

Між тым Віталь Шураўка паведаміў, што сайт Onliner ужо ачуўся ад нядаўняга вымушанага спынення працы праз выключэнне сайта з даменнай зоны.by:

«Уступілі ў дзеянне новыя патрабаванні Мінгандлю, нам давялося перарэгістраваць усе крамы, гэты працэс заняў нейкі час, але большая частка крамаў ужо вярнулася на гандлёвую пляцоўку, і цяпер мы бачым, што яны вяртаюцца дастаткова хутка.

Наведвальнасць таксама аднавілася: цяпер у нас каля мільёна прагледжаных старонак у дзень, як гэта і было раней. Па рэдакцыйных раздзелах наведвальнасць вырасла, па каталогу ўпала — гэта звязана з тым, што ў людзей знізіўся попыт на тавары праз эканамічную нестабільнасць, — кажа сп.Шураўка.

Што тычыцца прыярытэтаў развіцця, у нас запусціўся новы праект «Арэнда жытла». Ён паказвае добрыя вынікі, мы бачым у гэтым перспектыву і актыўна гэта развіваем. Нават калі параўнаць наш раздзел з сайтамі, якія спецыялізуюцца на доўгатэрміновай арэндзе жылля, можна ўбачыць, што колькасць аб'яў у нас у разы большая», — кажа сп.Шураўка.

Партал Onliner.by быў створаны ў 2001 годзе Віталём і Ксеніяй Шураўкамі. Сёння Onliner.by — нароўні з Тут.баем самы папулярны сайт Беларусі. У канцы снежня 2014 года сайт — нібыта праз шматлікія парушэнні заканадаўства — выключылі з даменнай зоны.by, тым самым пазбавіўшы кампанію магчымасці легальна працаваць у Беларусі. Праз месяц сайт аднавіў працу, аднак з партала сышоў галоўны рэдактар Дзяніс Блішч, а месца дырэктара Аляксандра Стэльмаха заняла сама Ксенія Шураўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?