Кампанія Apple правяла 9 сакавіка прэзентацыю новых прадуктаў. Галоўным стаў разумны гадзіннік Apple Watch.

Apple Watch

Apple Watch будуць прадавацца ў трох варыянтах карпусоў: алюмініевым Sport, стальным «безыменным» і залатым Edition. У кожным з карпусоў ёсць два варыянты памераў, з меншай і большай дыяганаллю экрану.

Apple Watch Sport з малым экранам будзе каштаваць 349 даляраў, «безыменная» Apple Watch з малым экранам ад 549 да 1049 даляраў. За версію з большым экранам папросяць лішнія 50 даляраў. Цэны на Apple Watch Gold будуць ад 10 тысяч даляраў.

Да гадзіннікаў будуць прапаноўвацца самыя розныя раменьчыкі. Усе камбінацыі матэрыялаў і раменьчыкаў можна паглядзець на сайце Apple.

Папярэднія замовы на гадзіннікі стартуюць 10 красавіка (тады ж гадзіннікі з’явяцца на дэманстрацыйных стэндах у крамах Apple). У ЗША, Брытаніі, Францыі, Германіі, Японіі, Аўстраліі і Кітаі продажы Apple Watch стартуюць 24 красавіка.

Apple абяцае, што гадзіннікі «пражывуць» ад аднаго зараду 18 гадзін.

Apple Watch дазволяць не толькі бачыць час (інтэрфейс гадзінніка дазволяць наладжваць самастойна), але і чытаць паведамленні, сачыць за пульсам і пройдзенымі крокамі, праглядаць фота, размаўляць з галасавым памочнікам Siri ды аплочваць закупы праз Apple Pay.

Таксама Apple Watch дазволіць прымаць тэлефанаванні і размаўляць па гучнай сувязі.

Для гадзінніка ўжо створана мноства праграм, у іх ліку Uber, Shazam, Instagram і іншыя. Блізкаму сябру можна адсылаць намаляваныя пальцам малюначкі альбо рытм свайго сэрца.

MacBook

Таксама Apple прадэманстравала абноўлены 12-цалевы ноўтбук MacBook. Кампанія заяўляе, што яна вынайшла ноўтбук наноў.

12-цалевы ноўтбук мае таўшчыню ўсяго 13,1 мм (супраць 17,3 мм папярэдніка). Яго вага — 910 г.

«Жалеза» ноўтбука, галоўная плата, стала на 67% кампактнейшай і пазбавілася вентылятару — цяпер ноўтбук працуе бясшумна. Клавішы атрымалі новы механізм дзеля больш мяккага і дакладнага ходу ды новую падсветку з асобных светладыёдаў пад кожнай клавішай. Батарэя цяпер займае максімум месца ў ніжняй частцы ноўтбука, яна «нанесеная» адмысловай тэхналогіяй — пласт на пласт, каб кампактна укладвацца ў скрыўленую форму ніжняй крышкі. Тачпад ноўтбука цяпер адчувае сілу націскання і мае вібраматор для зваротнай аддачы.

У ноўтбука толькі адзін порт — новы двухбаковы USB Type C, які выконвае функцыі адначасова зараднага гнязда, USB, HDMI, VGA і DisplayPort.

«Сэрца» новых MacBook — свежы Intel Core M, выкананы па 14 нм-тэхпрацэсе. Ён працуе на частаце 1,3 ГГц, але ў рэжыме «турба» разганяецца да 2,9 ГГц. Акумулятар абяцае да 10 гадзін аўтаномнай работы пры праглядзе відэа.

Экран мае разрозненне 2304x1440 пікселяў. Энергаспажыванне, нягледзячы на тое, знізілася на траціну.

Версія з 8 Гб аператыўнай памяці і SSD-дыскам на 256 Гб будзе каштаваць 1299 даляраў, а з SSD на 512 Гб і больш магутным працэсарам — 1599 даляраў.

Ноўтбукі будуць пастаўляцца як у светла-шэрым і цёмна-шэрым, так і ў залацістым корпусе.

Research Kit

Apple прадставіла набор для распрацоўшчыкаў Research Kit, а таксама пяць тэставых праграм для даследаванняў здароўя, распрацаваных супольна з даследчымі інстытутамі.

Хворыя на дыябет, астму, рак грудзей ці сардэчна-сасудзістыя захворванні ці хваробу Паркінсона змогуць дапамагаць навукоўцам у даследаванні сваіх хвароб.

Напрыклад, каб прасачыць за залежнасцю сімптомаў хваробы Паркінсона ад фізічнай актыўнасці, карыстальніку iPhone трэба будзе хутка пастукаць двума пальцамі па экране і сказаць у мікрафон «а-а-а». Карыстальнік сам зможа абіраць, якім даследчыкам будзе даступная яго інфармацыя, сама Apple да яе не мае доступу. Само праграмнае забеспячэнне адкрытае (open-source).

У наступным месяцы набор Research Kit стане адкрытым для распрацоўшчыкаў — можа з’явіцца больш даследчых праграм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?