Жанр: драма
Рэжысёр: Дэні Аркан
У ролях: Эрык Бруно, Мелані Цьеры, Мелані Меркоскі, Мары-Жазэ Кроз, Мэцью Кёснэл, Мішэль Форге, Женеўева Буавэн-Русі, Мэгалі Лепін Бландо.
Канада, 102 хв.
Адзнака: 7

Малады, але паспяховы архітэктар Люк з Квебека жыве напоўніцу: мае цудоўны, ім самім спраектаваны дом, прыгожую жонку — спартовую трэнерку, сталую кампанію сяброў, з якімі займаецца рознымі відамі спорту і проста весела праводзіць час.

Яго жыццё ідзе на дзіва гладка да дзелавой паездкі ў Таронта. Там ён сустракае прывабную Ліндсі, з якой закручвае раман. Праводзячы час з новай каханкай, Люк не адразу заўважае, што яго жонка Стэфані пакутуе ад псіхічных праблемаў.

Канадскі рэжысёр Дэні Аркан звяртаецца да тонкай тэмы: нават людзі, якія жывуць у дастатку і маюць магчымасць цалкам прафесійна сябе рэалізаваць, не могуць пазбегнуць праблемаў у адносінах. Стужка атрымалася надзвычай эстэтычнай: гледачу прапанаваныя густоўныя інтэр'еры, сучасныя асабнякі, уражвальныя пейзажы Канады з яе багаццем спартовых забаваў. Тут няма рэзкіх паваротаў сюжэту — ён ідзе плаўна і разцягнуты ў часе. Міжполавыя праблемы, закранутыя ў стужцы, вырашаюцца спакойна і цывілізавана, але застаецца адчуванне недагаворанасці.

Галоўныя жаночыя ролі выканалі францужанка Мелані Цьеры, найбольш вядомая на радзіме па фільме «Прынцэса дэ Манпансье», і Мары-Жазэ Кроз, лаўрэат Канскага кінафестываля—2003 за фільм Аркана «Нашэсце варвараў» (найлепшая жаночая роль).

Дэні Аркан мае ўзнагароду амерыканскай кінаакдэміі — яго стужка «Нашэсце варвараў» атрымала «Оскар-2004» як найлепшы замежны фільм. «Царства прыгажосці» узяў удзел ў праграме «Спецыяльныя прэзентацыі» на міжнародным кінафестывалі ў Таронта, а таксама ў праграме «Майстар-клас» на 21-м мінскім кінафестывалі «Лістапад».

У беларускім пракаце фільм мае рэйтынг 18+.

Настасся Уласава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?