11 сакавіка ў метро правядуць талоннае абследаванне пасажырапатоку, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме начальнік КУП «Мінскі метрапалітэн» Расціслаў Юрэня.

Абследаванне будзе праводзіцца з моманту адкрыцця і да закрыцця метро.

На ўваходзе кожнаму пасажыру будуць выдаваць спецыяльны талон. На ім будзе ўказаны нумар станцыі, дзе чалавек увайшоў у метро. На выхадзе талончык трэба аддаць работніку метрапалітэна.

Калі талон згублены, у пасажыра ўдакладняць, на якой станцыі ён спусціўся ў падземку.

У гадзіны пік (8.00 і 18.00) пакеты з талончыкамі будуць здавацца кожныя 15 хвілін, у астатні час — праз паўгадзіны.

Усяго падрыхтавана 1,2 млн талонаў. У абследаванні задзейнічаюць 1.629 работнікаў метрапалітэна.

Як адзначыў начальнік службы руху КУП «Мінскі метрапалітэн» Андрэй Міхайлоўскі, на графік руху цягнікоў гэтая акцыя не паўплывае.

Вынікі абследавання стануць вядомыя праз месяц. Сабраныя дадзеныя дазволяць транспартнікам даведацца, якая загрузка перасадкавых станцый «Кастрычніцкая» і «Купалаўская», далёкасць паездак пасажыраў у метро і інш.

«Да таго ж гэтая інфармацыя дасць магчымасць скарэктаваць працу і наземнага транспарту», — дадаў дырэктар ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валер Шкуратаў.

— Гэта дазволіць нам дэталёва прапрацаваць маршрутную сістэму горада і ў наступным годзе атрымаць палепшаную схему транспартнага руху ў Мінску.

***

У апошні раз вывучэнне пасажырапатоку ў метро праводзілася ў 2002 годзе. У выніку былі перагледжаны інтэрвалы руху цягнікоў у гадзіну пік з 3,5 хвіліны да 2,5.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?