Пацярпелы — 23-гадовы Дзмітрый, на адну траціну страціў працаздольнасць, застаўся сляпым.

На лаве падсудных — яго былыя ўжо сябры, зараз абвінавачаныя, 22-гадовы Максім і 30-гадовы Аляксандр. Акрамя нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, іх абвінавачваюць ў незаконным абароце наркатычных сродкаў.

Дзмітрыя заводзіць у судовую залю пад рукі маці. Хлопец у чорных акулярах і чорным каптуры. Калі здымае каптур, то відаць, што на вачах — павязка з бінтоў, і паверх яе — акуляры.

Пракурор апытвае абвінавачаных. Тыя прызнаюць сваю віну па артыкулу 328 КК – незаконны абарот наркотыкаў, але адмаўляюць віну за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ад паказанняў адмаўляюцца да таго часу, пакуль у судзе не выступіць пацярпелы і сведкі.

Максіму – 22 гады. Вучыўся ва ўніверсітэце, ды быў адлічаны. Па яго словах, зарабляў падпрацоўкамі ў інтэрнэце, неафіцыйна. Аляксандру 30. На момант здзяйснення злачынства таксама не працаваў, збіраўся на заробкі ў Расію. Не працаваў на той час і Дзмітрый.

21 ліпеня яны сабраліся ў Аляксандра. Той жыў на вуліцы Дакутовіч – у доме на некалькі кватэр. Жыў з бацькам, які ў той вечар з'ехаў у вёску. Вечарам суседзі Аляксандра былі ўзбударажаныя гучнымі крыкамі. Пайшлі супакоіць моладзь.

Убачылі такую карціну – голыя маладыя хлопцы бегаюць па двары.

На просьбы супакоіцца не рэагавалі, зачыніліся ў хаце і кідаліся праз вокны патэльняй. Суседзі выклікалі міліцыю. Аператыўнікі былі шакаваныя: на кухні ляжаў малады чалавек, увесь зрэзаны нажом, без вачэй, у лужыне крыві, спявае песні, які пры гэтым быў у свядомасці і адэкватна адказваў на пытанні: як прозвішча, дзе жыве. Яго забралі на «хуткай» у шпіталь, прыяцеляў, адпаведна – у СІЗА. Толькі праз тыдзень у шпіталі Дзмітрый цалкам прыйшоў у свядомасць.

На судзе ён спрабаваў, як мог, аднавіць па памяці падзеі таго дня. Сабраліся ў Аляксандра. Максім прапанаваў купіць «галандскую марыхуану».

Дзмітрый пазычыў у Аляксандра для гэтай мэты 200 тысяч. Максім прывёз траву. Яна была мокрай, высушылі прасам. Потым Максім прапанаваў «нешта іншае» і прадэманстраваў парашок белага колеру. Пацярпелы, па яго словах, адмовіўся ўжываць той парашок (спайс), сябры ж удыхалі.

Дзмітрый не памятае, хто менавіта нанёс яму першы ўдар у скронь. Страціў прытомнасць. Апрытомнеў на падлозе на кухні.

«Калі Максім убачыў, што я прыйшоў у сябе, то паклаў маю галаву сабе на калені і націснуў пальцамі мне на сківіцу, і я зноў страціў прытомнасць», — апавядае на судзе хлопец.

Потым, па яго словах, ён зноў апрытомнеў, і тады ўжо Максім «націснуў пальцамі мне на вочы».

Ён пацвердзіў, што падаў пазоў матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1 мільярд рублёў з кожнага абвінавачанага.

Маці, якая на судзе з'яўляецца яго прадстаўніком, пакуль адмаўляецца ад каментароў. На судзе прысутнічалі сваякі абвінавачаных. «Трымайся!», — крычаць яны Аляксандру і паказваюць ускінуты кулак. Той у адказ паказвае два растапыраныя пальцы, накіраваныя ў бок шыі.

Маці пад рукі выводзіць з судовай залі Дзмітрыя. Хлопец і да трагедыі меў значныя праблемы са здароўем, а зараз наогул…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?