Расійскай кампанія «Атастройэкспарт» адчувае фінансавыя цяжкасці пры будаўніцтве Беларускай АЭС, але работы па стварэнні станцыі працягваюцца па графіку. Пра гэта заявіў намеснік генеральнага дырэктара РУП «Беларуская АЭС» Андрэй Баркун 11 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА.

«Мы будуем нашу станцыю не ў нейкім эканамічным запаведніку, не ў нейкай адмысловай эканамічнай зоне, — адзначыў ён. — Таму, натуральна, усе праблемы, якія ўзніклі ў Расіі (тым больш генпадрадчык у нас расійскі), у той ці іншай меры на ходзе будаўніцтва адбіваюцца».

Тым не менш, падкрэсліў Баркун, на сёння работа па будаўніцтве АЭС «не спынілася» і з графіка з-за наяўнай сітуацыі не выб'ецца, а фінансаванне будаўніцтва застанецца «рытмічным».

«Праблемы ў першую чаргу тычацца падрадчыка («Атамстройэкспарта». — БелаПАН.), у яго ўзніклі праблемы, — сказаў намеснік гендырэктара будаўніцтва БелАЭС. — У сувязі з той сітуацыяй, што склалася ў Расіі, яго эканамічныя паказчыкі па прыбытку, рэнтабельнасці, так бы мовіць, наказалі доўга жыць. Каб не выйсці на страты, яны звярнуліся, маўляў, дапамажыце нам утрымацца на плыву. Мы разумеем, што гэта падрадчык манапольны, адзіны, таму, калі страцім яго, нікому добра не стане. Трэба разумець, што калі мы разам вырашылі пабудаваць станцыю, то трэба яе пабудаваць».

Баркун патлумачыў, што ў кантракце цана на будаўніцтва БелАЭС вызначана ў доларах ЗША, у гэтай жа валюце выдзелены расійскі крэдыт на збудаванне атамнага аб'екта. Аднак кошт выкананых будаўніча-мантажных работ і абсталявання, якое пастаўляецца, вызначаецца ў расійскіх рублях з наступным пераразлікам у долары па курсе на канец разліковага месяца. Словам, калі падрадчык выканаў работы на 30 млн. расійскіх рублёў, то раней за сваю работу ён атрымаў бы каля 1 млн. долараў, а цяпер з-за падзення кошту расійскага рубля сума выплат у доларах знізіцца ўдвая.

Пастаўшчыкі, якія раней выйгралі тэндар на пастаўку абсталявання па вызначанай цане, сёння заяўляюць пра немагчымасць паставіць яго за гэтую цану, паведаміў Баркун. 

«Можна, вядома, задзейнічаць рычагі, штрафы, напэўна, гэта было б правільна. Але за гэтым адбудзецца паўторнае правядзенне выбару падрадчыка, вызначэнне цаны, якая не будзе меншай за тую, па якой заключаны дагавор, адсунуцца тэрміны. Таму трэба шукаць узаемапрымальнае рашэнне, бо выгада ў беларускага боку — атрымаць своечасова бяспечную, надзейную, працаздольную станцыю і не прайграць па кошце гэтай станцыі», — дадаў намеснік гендырэктара БелАЭС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?