З сённяшняй раніцы страйкуюць польскія мытнікі. Беларусам не рэкамендуюць ехаць у Польшчу, а палякам — у Беларусь. Пакуль надзейна працуе толькі чыгуначны транспарт. Дзяржаўны памежны камітэт прагназуе, што да вечара на беларуска‑польскай мяжы могуць утварыцца вялізныя чэргі.

Начальнік прэс‑службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка распавёў Еўрарадыё пра сітуацыю на беларуска‑польскай мяжы:

«На пунктах пропуску «Дамачава» і «Варшаўскі мост» польскія мытнікі заблакавалі пункты пропуску. На астатніх пунктах пропуску фармальна па адным мытніку. Там ідзе афармленне вельмі марудна, прапускаюць па адной машыне».

Прычым, як стала вядома Еўрарадыё, прапускаюць пераважна машыны, якія не патрабуюць мытнага афамлення, напрыклад, дыпламатычныя.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі пакуль не ведаюць, якія патрабаванні ў польскіх мытнікаў і як доўга можа працягвацца іх акцыя. З польскага боку не паступала ніякіх афіцыйных дакументаў альбо заяваў.

Вось якія парады дае грамадзянам нашай краіны памежны камітэт. Гаворыць Аляксандр Цішчанка:

«Мы пакуль рэкамендуем грамадзянам, якія збіраліся ехаць у Польшчу, адмовіцца ад паездак у бліжэйшы час. Інакш можна патрапіць у непрыемную сітуацыю з тымі самымі чэргамі. Наколькі я ведаю, палякаў, якія збіраюцца ўязджаць у Беларусь, іх польская мытня папярэджвае, што яны могуць не вярнуцца…»

Мытнікі рэкамендуюць карыстацца чыгуначным транспартам, які пакуль афармляецца ў звычайным рэжыме. Аднак што будзе далей — невядома.

Нагадаем, раней страйк быў на ўкраінскім участку польскай мяжы, цяпер ён перакінуўся на беларускі ўчастак. Чэргі на ўкраінска‑польскай мяжы расцягваліся на дзесяткі кіламетраў.

Эўрарадыё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0