10 красавiка нашых дэмакратаў чакаў вялiкi аблом: санкцыі Брусэлю супраць Менску абмежаваліся забаронай тром дзясяткам чыноўнiкаў швэндацца па той бок Бугу. Аднак найбольшы шок атрымалi тыя, хто вельмi хацеў, аднак ня трапiў у лiк невыязных. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

10 красавiка ўся сям’я капiтана АМОНу Масальскага сабралася за сьвяточным сталом. Праз пару хвілінаў мелася рэалiзавацца мара жыцьця таты: вось-вось чыноўнікі ЭЗ нададуць яму статус невыязнога за злачынствы супраць дэмакратыi. Герой ўзьняўся, трымаючы ў руках графін гарэлкі, і кораценька – хвілін на дваццаць – расказаў прысутным, наколькi пакручастым быў шлях да гэтага вялiкага дня.

Мара стаць невыязным апанавала яго яшчэ ў юнацтве, калі прызыўнік Масальскі экспэрымэнтаваў з цэглай, разьбіваючы яе галавою, і на абед выкрадаў жабаў зь біялягічнага кабінэту ў школе. Пасьля было войска, работа ў амоне, першыя спатканьні з палкоўнікам П., які хутка стаў жыцьцёвым кумiрам Масальскага. Дазнаўшыся, што П. таксама невыязны, капітан чакаў выпадку вызначыцца і атрымаць такі жаданы статус. Па начох Масальскаму сьнілася, як «зубры» лепяць на слупы ўлёткі, «падазраюцца ў кiднэпiнгу i забойствах» зь ягоным фэйсам.

І вось надышоў сакавiк 2006 г. Капітан дняваў і начаваў ля намётавага гарадка: хапаў людзей ужо за адно тое, што ішлі на плошчу ў скураных куртках. Гэта была вiдавочная спроба пранесьцi ў лягер ежу: кораш расказваў, што вараную скуру можна есьцi. Часам у куртках аказваліся калегі… У дзень штурму група захопу на чале з Масальскiм вынырнула з каналiзацыі папросту ў цэнтры апазыцыйнага лягеру. Гэта капітан уласнай галавой выбіў завараны камунальшчыкамі люк. Апазыцыя заўважыла ягоныя заслугi. У Сецiве зьявiлiся прапановы ўлучыць Масальскага ў «чорны сьпiс»…

Пакуль жонка рэзала торт, брат адкаркоўваў шампанскае, дзед настройваў прымач на хвалi радыё «Свабода». З дынамiка пачуўся голас вядоўцы: «Гаворыць Прага!», які потым зачытаў лiст «шчасьлiўчыкаў» – Лукашэнка, Лазавiк, Чаргiнец... Сям’я з захапленьнем чакала прозьвiшча «Масальскi». Аднак яго ўсё не было i не было.

Напружаньне ўзрастала. Калi дыктарка сказала «Пі-і-пі-і-і... прабачце, Пішчулёнак», бабуля Севы ўпусьціла на падлогу тазік аліўе.

– Спакуха, – сказаў Масальскi, – у сьпiсе каля трох соцень iмёнаў. Абавязкова патраплю.

– На гэтым усё, – тым часам выплюнула радыё.

– Як усё? – не зразумела сямейства.

Бабуля Севы другi раз упусьціла тазік аліўе.

– Можа, яны выпадкова цябе прапусьцiлi? – паспрабавала супакоiць жонка. – Праз гадзiну будзе паўтор, i там цябе абавязкова ўзгадаюць. Аднак i праз гадзiну, i празь дзьве яго прозьвiшча ў сьпiсе не фiгуравала. Сьвята было пакамечанае.

Масальскi ня спаў усю ноч, а зранку завёз дзесяцігадовага сына на Варвашэні, 8 і запiсаў у БНФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0