«Лёгкая прамысловасць Беларусі павінна вырабляць тое, што сёння запатрабавана на рынку, і тое, што будзе запатрабавана заўтра», — заявіў 25 студзеня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, што ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам». Пра гэта паведамляюць афіцыйныя крыніцы.

«Я хачу, каб вы далі права выбару нашаму народу, апранулі людзей так, як апранаюць ва ўсім свеце. Я хачу, каб дарослыя і дзеці насілі прыстойны абутак, каб не куплялі яго за мяжой», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўнікоў прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.

Нагадаем, сёння А.Лукашэнка наведаў у Жодзіне выставу тавараў, якія вырабляюцца арганізацыямі канцэрна «Беллегпрам». На яго думку, добра працуюць толькі палова прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.

На нарадзе разглядаліся пытанні абнаўлення асноўных вытворчых фондаў, паведамляюць афіцыйныя крыніцы. «Існуе вялікая зношанасць фондаў, іх трэба мяняць, мадэрнізаваць. Але пакуль трэба вырабляць прадукцыю на такім абсталяванні. А для мадэрнізацыі неабходна зарабіць грошы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама зазначыў, што неабходна вырашаць праблему скарачэння запасаў гатовай прадукцыі і павышаць рэнтабельнасць вытворчасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?