Збіраюцца сродкі на перавыданне кнігі ўспамінаў Васіля Стомы «Маё мястэчка»

Аўтар нарадзіўся ў Лужках былога Дзісенскага павета (сёння Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці), у часе Другой сусветнай працаваў у беларускай адміністрацыі, а пасля разам з маці і сястрой праз Нямеччыну апынуўся ў ЗША. Звычайны лёс эмігранта, якіх дзясяткі і нават сотні тысячаў аселі ў другой палове ХХ ст. на Захадзе. Васіль Стома быў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-Амерыканскага задзіночання ў Нью-Джэрсі, сябрам Рады БНР, парафіянінам царквы Жыровіцкай Божай Маці, выкладчыкам у беларускай суботняй школцы.

У вольны ад працы ў шавецкай майстэрні час Васіль Стома згадваў пра абрады й звычаі Дзісеншчыны, складаў слоўнічак тамтэйшага дыялекту, а таксама пісаў успаміны. Асноўны зьмест апошніх складае аповед пра дзяцінства й юнацтва, што прайшлі ў Лужках, а дакладней пра само мястэчка, вуліцы, будынкі, насельніцтва. Каларытныя характары звычайных жыхароў, з гумарам пададзеныя падзеі штодзённага жыцця.

Прадстаўленыя Стомам Лужкі — мястэчка, дзе нарадзіўся стваральнік іўрыту Эліэзэр Бен-Егуда. Сярод згаданых ва ўспамінах ёсць а. Язэп Гэрмановіч, вядомы доктар Усевалад Шыран, святар Іван Кушнер, жонка Станіслава Булак-Балаховіча.

Выдадзеныя ўспаміны маюць як аўтарскія, гэтак і рэдакцыйныя каментары. Акрамя таго ў кнізе змешчаныя невялікія згадкі пра аўтара, запісаныя ў часе інтэрвію з беларускімі родзічамі Васіля Стомы. Дадаткам — здымкі з сямейнага архіву, а таксама выявы сучаснага выгляду Лужкаў, тых будынкаў, пра якія ідзе аповед.

Больш падрабязную інфармацыю пра перавыданне глядзіце тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0