Сярод дзевятнаццаці сённяшніх прызначэнняў, якія правёў Аляксандр Лукашэнка, ёсць толькі адна жанчына. Ганна Мар'янаўна Мацельская стала кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Не так шмат у нас жанчын-кіраўнічак нават на нізавым узроўні. Прыгледзімся, хто ж яна такая?

Спадарыні Мацельскай 45 гадоў. Яна родам з Валожыншчыны, з вёскі Мейшты, што недалёка ад Івянца.

Пасля школы Ганна Мацельская паступіла ў Мінскае кааператыўнае прафтэхвучылішча, дзе правучылася год. Пасля будучую чыноўніцу размеркавалі ў Талачынскі раён.

Спачатку Ганна Мацельская працавала звычайнай прадавачкай, пасля – загадчыцай магазіна. Урэшце – інструктарам па арганізацыі і тэхніцы гандлю Талачынскага райспажыўсаюза.

У 1997 годзе Ганна Мацельская скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці «таваравед нехарчовых тавараў».

Пасля непрацяглай працы ў Віцебскім і Мінскім аблспажыўсаюзах жанчыну запрашаюць на працу галоўным спецыялістам у Камітэт дзяржаўнага кантролю, дзе яна займалася маніторынгам спажывецкага рынку і сферы паслуг (1999-2010).

Апошнія чатыры гады Ганна Мацельская была першай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

Тры цытаты:

«Прыйшлі мае калегі ў адну з гарадскіх школ, а там – катлеты проста на памыйцы. Аказваецца, замест патрэбных 410 катлет кухары прыгатавалі 450 – дадалі больш хлеба. Сорак порцый збіраліся забраць дадому, ды не паспелі – прыйшла праверка.

Повары выкінулі свежыя прадукты ў сметніцу. Але мае калегі знайшлі. І ўвогуле, у павароў такія тайнікі, што проста дзіву даешся – у мойцы, на хлебнай шафе, пад паддонымі з бульбай, у скрынях з-пад яек. За кожным поварам замацаванае сваё патаемнае месца» (Люты 2007).

«У Расіі, марской дзяржаве, сур'ёзна стаіць праблема якасці рыбы, а ў нас яна яшчэ горшая, таму што да нас рыба паступае праз дзясятыя рукі» (Студзень 2010).

«Мы праблемай захавання аўтарскіх правоў займаемся час ад часу. А трэба весці пастаянную працу. Акрамя таго, калі шчыра, вельмі цяжка даказваць віну «піратаў» у судах, асабліва калі гаворка ідзе пра крымінальныя справы» (Студзень 2010).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?