Сьледам за Мікалаем Аўтуховічам ды Зьмітром Дашкевічам Юры Лявонаў стаў трэцім палітвязьнем, выпушчаным на волю цягам апошніх дзён. Тэндэнцыя?

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмэр аптымістычна спадзяецца, што гэта — "пачатак працэсу". Маўляў, трэба толькі дадаць скаардынаванага ціску з боку Вашынгтону і Брусэлю.

Беларускія ж камэнтатары дружна цьвердзяць пра палітычны торг. Адных выпускаюць, іншых садзяць. Прыклады апошняга часу: масавыя арышты ўдзельнікаў прадпрымальніцкага бунту, а таксама тры гады ўзмоцненага рэжыму журналісту Зьдзьвіжкову.

Ну а нібыта гуманныя жэсты (зазвычай ня надта шырокія: скасоўваюць невялікую рэшту тэрміну) робяцца з разьлікам дасягнуць нейкіх кан'юнктурных выгадаў. Летась у траўні, памятаеце, на пару месяцаў раней адпусьцілі з "хіміі" Статкевіча ды Севярынца. Тады Менск яшчэ песьціў надзею пазьбегнуць страты прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам. Па інэрцыі "адліга" доўжылася яшчэ трохі часу: згадайма, як маладафронтаўцам паводле крымінальнага артыкулу давалі толькі штрафы.

Зараз жа, як нагадаў мне палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі, зноў надыходзіць час таргавацца з Эўропай — наконт умоў экспарту тэкстылю, вяртаньня тых самых прэфэрэнцыяў і г.д.

Мікола Статкевіч, у сваю чаргу, мяркуе, што тут ёсьць момант псыхалягічнага ўзьдзеяньня на Расею. Масква, калі чарговы раз разварушваюць ейную фобію ("Беларусь сыходзіць на Захад"), можа трохі саступіць што да коштаў энэрганосьбітаў.

Таксама, калі хочаце, горкая прыкмета беларускай "стабільнасьці": колькасьць палітвязьняў у нас застаецца прыкладна на адным узроўні. Столькі, каб ня надта пераймаліся "чужыя" (Захад) і каб у той жа час баяліся "свае" (усе адкрытыя ды прыхаваныя праціўнікі ўлады).

Даючы сымбалічнае паслабленьне некаму з "палітычных", Менск атрымлівае падставу зноў цьвердзіць пра жэст добрай волі, на які мусіць адгукнуцца Эўропа. У эўрапейскай жа палітыцы і пасьля зыходу стаўшага прыкладам згодніцтва ван дэр Ліндэна з пасады старшыні ПАРЭ нязьменна знаходзяцца ахвочыя да такіх гульняў дзеячы, якім карціць знайсьці чароўны ключык да брамы "апошняй дыктатуры".

Па сутнасьці, мы назіраем такі самы палітычны гандаль "жывым таварам", што практыкаваўся і ў савецкія часы. Старэйшыя памятаюць фрывольна-крамольную прыпеўку: "Абмянялі хулігана на Луіса Карвалана..." (табуяваны працяг пры жаданьні знойдзеце самі ў Сеціве:). Для маладзейшых: "хуліган" — дысыдэнт Букоўскі, Карвалан — лідэр чылійскіх камуністаў, пасаджаны Піначэтам.

Хіба што матывы зараз не ідэалягічныя, а цалкам прагматычныя: каб "праклятыя буржуіны" шырэй расчынілі рынак, далі крэдытаў, інвэстыцыяў, і ўсяго паболей.

Між тым самым праблематычным выглядае вызваленьне Казуліна і Клімава. Абодва зарэкамэндавалі сябе палітычнымі рызыкантамі, гатовымі йсьці на эпатаж ды экстрым. Звыш таго, абодва — скажам так — глыбока закранулі асабістыя пачуцьці афіцыйнага кіраўніка.

Зрэшты, шэраг палітычных аглядальнікаў (Юры Чавусаў, ужо згаданы Паўлюк Быкоўскі) лічаць, што калі добра прыцісьне, кіроўная вярхоўка можа вызваліць і самых праблемных для ее "палітычных". Пакуль, аднак, сытуацыя для ўлады не крытычная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?