Касьмічныя войскі Расеі плянуюць адмовіцца ад карыстаньня ўсімі радыёлякацыйнымі станцыямі (РЛС), якія знаходзяцца за яе межамі. Пра гэта паведаміў на прэс‑канфэрэнцыі камандуючы Касьмічнымі войскамі Расеі генэрал‑палкоўнік Ўладзімер Папоўкін.

У першую чаргу гэта датычыцца арэнды ўкраінскіх РЛС, а пасьля ўсіх «іншаземных» радараў. Рашэньне зьвязанае з тым, што «ўсе РЛС, якія знаходзяцца ў краінах былога Савецкага Саюзу, залежаць ад волі дзяржаў — Украіны, Азэрбайджана, Казахстана, Беларусі. Таму мы будзем адмаўляцца ад усіх станцыяў, якія месьцяцца за мяжой, ня хочам залежыць ад тых дзяржаў, у якіх яны знаходзяцца,» — заявіў Папоўкін.

Паводле яго словаў, Расея ня можа быць упэўнена перш за ўсё ў РЛС ва Ўкраіне, таму што іх абслугоўваюць цывільныя спэцыялісты, а не вайскоўцы. Радары можа спыніць любая дывэрсія, да таго ж Расея ня можа поўнасьцю верыць іх паказаньням. «У Беларусі і Казахстане працуюць нашы грамадзяне, а ва Ўкраіне за РЛС адказвае нацыянальнае касьмічнае агенцтва Ўкраіны. Якая тут можа быць дакладнасьць?» — кажа расейскі генэрал.

Таксама сёньня Дзяржаўная дума Расеі дэнансавала Дамову паміж урадамі Расеі і Ўкраіны аб сродках сыстэм папярэджаньня аб ракетным нападзе і кантролю касьмічнае прасторы ад 28 лютага 1997 году. Міністар абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў падпісаў рашэньне аб адмове ў арэндзе РЛС у Севастопалі і Мукачова.

Яраслаў Сьцешык, паводле замежнае прэсы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0