Скрыншот: cyberwarzone.com
У нядзелю, 15 сакавіка быў запушчаны клон Facebook пад назвай CaliphateBook, паведамляе Reuters.
«Халіфатбук» зарэгістраваны на імя Абу-Азана Мусіба, які пражывае ў іракскім горадзе Масул, які кантралюецца тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы». Для доступу ў сацсетку можна прайсці звыклую рэгістрацыю альбо ўвайсці з акаўнтам Facebook.
Сацсетка прыпыніла працу ў хуткім часе пасля запуску — як паведамляе адміністрацыя, з тэхнічных прычын.
На думку спецыялістаў, сацсетка не была гатовая да вялікага трафіку. «Халіфатбук» сцвярджае, што інфармацыя карыстальнікаў ад прыпынення працы не пацярпела.
***
Прычынай стварэння «Халіфатбуку» можа быць немагчымасць вядзення прапаганды ў буйных сусветных сацсетках. Twitter, Facebook, Youtube і іншыя блакуюць акаўнты тэрарыстаў ды выдаляюць іх запісы.
Некаторыя тым часам лічаць, што барацьба з тэрарыстамі ў сацсетках вядзецца недастаткова актыўна. Групоўка Anonymous апублікавала больш за 9 тысяч незаблакаваных Twitter-акаўнтаў, чыіх аўтараў падазраюць у сувязях з тэрарыстамі. Прадстаўнікі групоўкі ўжо ўзламалі 90 такіх акаўнтаў.
Даследчыкі сцвярджаюць, што за 2014 год ІДзІЛ выкарыстоўвала толькі ў Twitter 46 тысяч акаўнтаў у мэтах прапаганды і вярбоўкі. Twitter тым часам выдаліў 2 тысячы акаўнтаў тэрарыстаў, за што заснавальнік сэрвісу атрымаў персанальныя пагрозы прадстаўнікоў ІДзІЛ.