Чэмпіён свету па боксе сярод прафесіяналаў у цяжкай вазе Уладзімір Клічко ў інтэрв'ю французскай газеце L'Equipe абрынуўся з крытыкай на расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, абвінаваціўшы яго ў распальванні сусветнай вайны.

Малодшы брат вядомага ўкраінскага палітыка, мэра Кіева Віталя Клічко даў інтэрв'ю папулярнай штодзённай спартыўнай газеце напярэдадні бою з амерыканцам Брайнтам Джэнінгсам, у якім украінец будзе абараняць свой чэмпіёнскі тытул. Гэты бой пройдзе 25 красавіка ў Нью-Ёрку.

Адказваючы на пытанне аб тым, што б ён сказаў Пуціну, калі б сустрэўся з ім твар у твар, Клічко адказаў: «Што ён здзяйсняе тыя ж памылкі, якія рабіліся ў мінулым».

«Гэтая вайна бессэнсоўная, мы — як браты, — сказаў баксёр. — Праз два гады, пяць ці 20 гадоў Расія папросіць прабачэння за сваю агрэсію і анексію Крыма».

«Пасля таго, што здарылася ў Другой сусветнай вайне, нельга ігнараваць міжнародныя законы. Тое, што адбываецца цяпер, можа справакаваць трэцюю сусветную вайну», — дадаў Клічко.

Уладзімір Клічко заклікаў краіны Захаду заняць больш рашучую пазіцыю ў адносінах да Расіі. «Я думаю, што еўрапейская супольнасць спіць. Пуцін робіць, што хоча», — падкрэсліў ён.

«У боксе ёсць паняцце «напад на нападніка». Ён не спыніцца, калі мы не пакажам яму, дзе яго мяжа. Інакш ён будзе працягваць ісці наперад», — сказаў чэмпіён свету па боксе.

Клічко пацвердзіў, што гатовы са зброяй у руках абараняць сваю краіну, калі атрымае позву ва ўкраінскую армію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?