Мінскі гарадскі суд вынес прысуд былому першаму намесніку міністра энергетыкі Эдуарду Таўпянцу (займаў пасаду ў 2002—2013). Ён прызнаны вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў пры правядзенні мадэрнізацыі электрастанцый і прысуджаны да пяці гадоў абмежавання волі.

Справа слухалася ў закрытым рэжыме, бо падчас слуханняў маглі быць агучаны звесткі дзяржаўнай важнасці, нейкая закрытая службовая інфармацыя.

На думку абвінавачання, злачынства было здзейснена падчас правядзення таргоў на пастаўку паратурбіннай ўстаноўкі для рэканструкцыі Бярозаўскай ГРЭС. Акрамя першага намесніка міністра, абвінавачванне было выстаўлена былому начальніку ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і вытворчай інфраструктуры ДВА «Белэнерга», які ўзначальваў конкурсныя камісіі пры закупцы абсталявання для патрэб Бярозаўскай ГРЭС, і былому дырэктару «Белэнергазабкамплект». На пляцоўцы гэтага прадпрыемства праводзіліся таргі.

Праз хваробу Эдуарда Таўпянца крымінальная справа ў дачыненні да яго была выдзелена ў асобную вытворчасць. Следства палічыла, што былы першы намеснік міністра энергетыкі лабіраваў інтарэсы расейскай кампаніі ў шкоду інтарэсам краіны.

Як усталявала следства, конкурсная камісія вырашыла не дапускаць прапанова «Цеплаэнергасервіс-ЭК» да таргоў на пастаўку абсталявання з-за вялікай колькасці тых, хто ўстрымаўся пры галасаванні. Пра гэта было даложана Таўпянцу. У сваю чаргу першы намеснік міністра даў прамое ўказанне кіраўнікам «Белэнерга» і «Белэнергазабкамплект» запатрабаваць ад падначаленых ім членаў камісіі галасаваць «за» ці «супраць».

У выніку пераможцам таргоў стаў як раз «Цеплаэнергасервіс-ЭК». Пры гэтым быў заключаны дагавор на ўмовах расійскай фірмы. І гэта пры тым, што некаторыя з іх супярэчылі патрабаванням «Брэстэнерга».

Яшчэ да апісаных падзей у Екацерынбург ездзіла камісія Міністэрства энергетыкі, для азнаямлення з вытворчасцю «Цеплаэнергасервіс-ЭК». Карыстаючыся сваім службовым становішчам, Эдуард Таўпянец загадаў членам дэлегацыі напісаць станоўчае заключэнне па выніках паездкі.

Лабіраванне інтарэсаў расійскай кампаніі мела месца таксама пры мадэрнізацыі Мазырскай і Віцебскай ЦЭЦ.

Следства палічыла, што дзеянне Таўпянца і іншых службовых асобаў сталі прычынай зрыву тэрмінаў Дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі вытворчых фондаў энергетычнай сістэмы краіны. У выніку, якая стаяла задача па павышэнню ўзроўню энергетычнай незалежнасці не была выкананая.

Цяпер «Цеплаэнергасервіс-ЭК» праходзіць працэдуру банкруцтва, маёмасць кампаніі распрадаецца на таргах.

Суд палічыў даказаным усе абвінавачванні ў дачыненні да Эдурда Таўпянца. У выніку былому чыноўніку прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову тэрмінам на пяць гадоў без канфіскацыі маёмасці. Пры гэтым суд прызначыў больш мяккае пакаранне, чым было прадугледжана крымінальным кодэксам. Па ўсёй бачнасці, гэта звязана з хваробай былога чыноўніка.

Цікава, што дзяржабвінаваўцам быў пададзены грамадзянскі пазоў да Эдуарда Таўпянца на велізарную суму — 208 мільярдаў рублёў. На думку абвінавачання, менавіта столькі страціла дзяржава ад дзеянняў былога чыноўніка, якія прывялі да зрыву тэрмінаў мадэрнізацыі Бярозаўскай ГРЭС. Маецца на ўвазе трата прыроднага газу ў выніку таго, што энергаблок №5 не быў своечасова ўведзены ў эксплуатацыю. Аднак суд палічыў пазоў неабгрунтаваным і адмовіла ў яго задавальненні.

Зрэшты, гэтым прэтэнзіі абвінавачванні не абмежаваліся. Пазоў яшчэ на 67,9 тыс. еўра залішніх крэдытных выплат будзе разгледжаны ў грамадзянскім судаводстве. Да вынясення рашэння па гэтай справе пад арыштам застанецца маёмасць Эдуарда Таўпянца - 187 мільёнаў рублёў на рахунку ў банку, дом у Драздах, аўтамабіль Volvo 945, гараж і паляўнічая зброя.

Каментаваць прысуд суда Эдуард Таўпянец адмовіўся. Па словах яго адваката, гэта абумоўлена вельмі цяжкім станам здароўя абвінавачанага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?