Аляксандр Стэльмах. Фота: marketing.by

Аляксандр Стэльмах. Фота: marketing.by

Былы дырэктар Onliner.by Аляксандр Стэльмах стаў новым дырэктарам Holiday.by, паведамляе Marketing.by са спасылкай на сузаснавальніка «Холідэя» Андрэя Барашку.

Сам Барашка пакінуў пасаду кіраўніка Holiday.by пасля 10 гадоў працы. Гэта ён аргументаваў патрэбай ва ўнутраным росце, а таксама паляпшэнні і змене многіх працэсаў на «Холідэі», для чаго праекту неабходныя дасведчаныя топ-менеджары. Але Барашка застанецца ў кампаніі ў якасці сузаснавальніка і будзе браць удзел у распрацоўцы новых сервісаў.

Стэльмах стане дырэктарам ТАА «ХолідэйБай Медыя», у склад якога ўваходзяць Holiday.by, Bilet.by і Arendazala.by.

На Holiday.by ужо працуе на пасадзе галоўнага рэдактара ранейшы супрацоўнік Стэльмаха — экс-галоўны рэдактар Onliner.by Дзяніс Блішч. Свой сыход з «Анлайнера» ён тлумачыў «выслугай гадоў» і патрэбай у самаразвіцці. Блішч планаваў прапаноўваць кампаніям паслугі «часовага галрэда», але невядома, ці плануе ён у бліжэйшы час пакідаць «Холідэй».

***

Аляксандр Стэльмах сышоў з Onliner.by у снежні 2014 года. У студзені 2015 года «Анлайнер» пакінуў Дзяніс Блішч. У сакавіку стала вядома, што ўласнікі Onliner.by Ксенія і Віталь Шураўка развяліся, пасаду дырэктара «Анлайнера» заняла Ксенія. Па словах Віталя развод адбыўся за год да таго, але ён з Ксеніяй працягвае працаваць на «Анлайнеры».

Onliner.by быў заснаваны ў 2001 годзе. На сёння ўваходзіць у топ самых наведвальных сайтаў Беларусі. Сайт утрымлівае каталог тавараў і «барахолку», публікуе навіны на тэмы тэхналогій, фінансаў, аўто і нерухомасці.

Holiday.by працуе з 2001 года. Партал прысвечаны вандроўкам па Беларусі і свеце, прадстаўляе каталог тураў і гатэляў, а таксама навіны турбізнесу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?