Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

Сябра Саюза мастакоў
Генадзь Станіслававіч Лойка

 

11 сакавіка 2015 г. на пасяджэнні секцыі скульптуры Саюза мастакоў Беларусі нам паведамілі, што Міністэрства культуры Беларусі арганізоўвае конкурс на стварэнне помніка карове.

Асабіста мне ў душу закралася такое ўражанне, нібыта з намі, сябрамі Саюзу мастакоў Беларусі, абыходзяцца як з быдлам.

З аднаго боку, нічога тут дзіўнага, звычайны конкурс. Што нам, скульптарам, хіба цяжка зляпіць карову? Мы ўсё можам. Кошты на майстэрні такія, што нашы скульптары гатовыя на ўсё: Леніна, Сталіна, чорта лысага, абы грошы плацілі. Адно, як падаць руку такому калегу, які ляпіў чорта лысага? Ці можа, гэткае пытанне не павінна турбаваць сяброў творчага Саюзу мастакоў Беларусі?

А з другога боку, чаму мы, беларускія мастакі не можам паўдзельнічаць у годных дзяржаўных конкурсах на стварэнне, напрыклад, манументаў Герою Нацыі Кастусю Каліноўскаму? Бо іх няма. Бо Савет міністраў Беларусі да гэтай пары не назваў цэнтральныя плошчы, вуліцы, скверы, музеі, тэатры ў нашых гарадах імёнамі Кастуся Каліноўскага, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш. Бо Міністэрства адукацыі выдала новыя падручнікі, паводле якіх Каліноўскі лічыцца бандытам, што выступіў супраць улады (чужынскае), а героем называюць ягонага вешальніка (чужынца). Якія будуць вынікі такога «патрыятычнага» выхавання? Як грамадзяніну, гаспадару краіны, абараняць Радзіму? На каго яму раўняцца?

Уявім для прыкладу даволі рэальную на сёння сітуацыю. Сярэдне-статыстычны грамадзянін бачыць, што па вуліцы ягонага гораду, барані Божа, едуць танкі са сцёртымі нумарамі, крочаць зялёныя чалавечкі без пагонаў, без шэўронаў. Як рэагаваць яму на гэтую відавочную акупацыю? Напэўна, так, як і належыць патрыёту — бязлітасна нішчыць узброеных чужынцаў! Так паступалі нашы патрыёты Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, Эмілія Плятэр… Але ці ведае гэтыя імёны наш грамадзянін? Ці бачыць іхнія помнікі на плошчах сваіх гарадоў і мястэчак? Не! Нашыя плошчы занятыя помнікамі толькі аднаму чалавеку — чужынцу (Леніну). Ці стане патрыёт абараняць Радзіму ад прышлых чужынцаў, калі Радзіма ўжо занятая помнікамі чужынцу?

Функцыя Міністэрства — выхоўваць сваю нацыю, гуртаваць сваіх грамадзянаў вакол нацыянальных каштоўнасцяў.

Нам кажуць, што Міністэрства культуры не мае грошай. А ў дадзеным выпадку грошы назбіралі даяркі менавіта для помніка сваёй карове.

Я не маю прэтэнзіі да даярак. Не маю нічога супраць каровы. Нашы скульптары выконваюць помнікі і бабру, і агурку. І гэта не дзіва, такая практыка — звычайная з'ява ў свеце. Але тут трэба ўвесці вельмі істотную рэмарку — у свеце на ўсіх кантынентах (апроч Антарктыды) існуе 1384 (!) помнікі Тарасу Шаўчэнку. Пасля гэтага свет можа дазволіць сабе помнікі і бульбе, і жабе. А давайце падлічым, колькі манументаў Генію Нацыі Янку Купалу? Пару штук у Беларусі і пару штук за мяжою…

Я прашу Міністэрства культуры, калі ласка:

1) спыніце гэты ганебны конкурс на стварэнне помніка карове;

2) пайдзіце ў народ, да даярак, растлумачце ім, што ў нас ёсць Гонар Нацыі Васіль Быкаў, угаварыце, пераканайце іх перадаць свае сабраныя грошы на ўвекавечанне Чалавека.

Мы — Народ, а не быдла! Нам патрэбны помнік Быкаву, а не карове! 

З павагай,
сябра Саюза мастакоў Беларусі Генадзь Лойка

17 сакавіка 2015 году

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0