19 сакавіка а 16-й гадзіне ў менскай бібліятэцы імя Ф. Багушэвіча (вул. Прытыцкага, 42) адбудзецца імпрэза «Сонцу нашаму свяціцца», у межах якой будзе прадстаўлена кніга «Францішак Багушэвіч. Выбраныя творы», падрыхтаваная да друку гісторыкам-архівістам Язэпам Янушкевічам. Гэта новае выданне з залатой серыі «Беларускі кнігазбор», прымеркаванае да 175-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка і грамадскага дзеяча Францішка Бенядзікта Багушэвіча. Адначасова адбудзецца прэзентацыя фотаальбома Камілы і Язэпа Янушкевічаў «Партрэты паўстання 1863—1864», дзе разам з унікальнымі здымкамі нашых суайчыннікаў змагарнага ХІХ стагоддзя, ёсць тры фотаздымкі з родавага альбома Багушэвічаў-паўстанцаў.

Францішак Багушэвіч — найбольш яркі нацыянальны паэт XIX стагоддзя, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага. У адным з баёў ён быў паранены. Ратуючыся ад пераследу, мусіў з'ехаць ва Украіну, дзе скончыў Нежынскі юрыдычны ліцэй і амаль 20 доўгіх гадоў правёў за межамі Беларусі. Толькі ў 1884 годзе Францішак Багушэвіч вярнуўся ў горад сваёй маладосці — Вільню. Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі ягонымі кліентамі былі сяляне і гарадская бедната. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць…

Арганізатары мерапрыемства — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, бібліятэка № 14 імя Ф.Багушэвіча.

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0