У нядзелю гомельскага актывіста апазыцыі Зьмітра Жалезьнічэнку ў вайсковай частцы 83469 гораду Жлобіну наведалі намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сакратар управы БНФ Уладзімер Лабковіч.

Зьмітра забралі на тэрміновую службу 25 студзеня, калі ён зьявіўся ў гомельскі ваенкамат з даведкай аб кепскім стане здароўя — быў павышаны крывяны ціск. Яго адправілі служыць у чыгуначныя войскі ў Жлобін. На знак пратэсту супраць незаконнага адлічэньня з ВНУ і гвалтоўнай адпраўкі ў войска Жалезьнічэнка абвясьціў галадоўку.

«Калі мы зьявіліся на КПП, то дзяжурны запытаўся, кім мы зьяўляемся навабранцу Жалезьнічэнку. Я адказаў, што зьяўляюся намесьнікам старшыні Партыі БНФ, а Зьміцер сябра партыі. Празь нейкі час яго паклікалі. Зьмітра пастрыглі, таму выглядае крыху нязвыкла. Выглядаў бадзёра і ўпэўнена, хаця гэта быў ужо трэці дзень ягонай галадоўкі. Ежу не ўжывае зусім, п’е толькі ваду, адмовіўся нават ад сокаў, якія мы яму прывезьлі. Спрабавалі пераканаць хлопца спыніць галадоўку, бо здароўе важней, але ён і надалей зьбіраецца працягваць змагацца за свае правы такім радыкальным спосабам. Кажа, што афіцэры зь ім размаўляюць па-беларуску. Цяпер Зьміцер шукае расейска-беларускі слоўнік вайсковых тэрмінаў, каб загады яму маглі аддаваць таксама па-беларуску. Кажа, што ўмовы абсалютна нармальныя, дзедаўшчыны няма. Бачыў у сталоўцы, што ежа таксама неблагая. Па некалькі разоў на дзень зь ім гутараць афіцэры, якія ўгаворваюць спыніць галадоўку. Менавіта ўгаворваюць, а не прымушаюць. Увогуле, адносіны да Зьмітра ў частцы вельмі асьцярожныя. Прыяжджала маці, заходзілі жлобінскія актывісты. Жалезьнічэнка накіраваў лісты ў Міністэрства абароны. Абяцаюць, што бліжэйшымі днямі мусіць прыйсьці адказ, тады і стане больш-менш зразумелы далейшы лёс Зьмітра», – кажа Аляксей Янукевіч.

Прыняцьце вайсковай прысягі прызначанае на 9 лютага.

У панядзелак Зьміцер Жалезьнічэнка быў дастаўлены ў ваенны клінічны цэнтар у Менску, у аддзяленьні кардыялёгіі. Пра гэта "НН" паведамілі ў прыёмнай цэнтру. Наведаць Зьмітра пакуль немагчыма, бо ў мэдыцынскай установе зараз карантын з прычыны эпідэміі грыпу.

Зьміцер Панкавец

Крымінальная адказнасьць за галадоўку

Жлобінскія вайскоўцы папярэдзілі Зьмітра Жалезьнічэнку пра крымінальную адказнасьць за галадоўку, якую хлопец трымае тры дні.

Кіраўнік прэс‑цэнтру Міністэрства абароны палкоўнік Вячаслаў Раменчык заявіў наступнае:

«Жалезьнічэнка парушае закон. У прыватнасьці, у адпаведнасьці з артыкулам 447 Крымінальнага кодэксу ён падлягае крымінальнай адказнасьці за наўмысную шкоду свайму здароўю ў мэтах ухіленьня ад вайсковай службы. Таму сёньня яму будуць даведзеныя гэтыя патрабаваньні, і далей камандзірам часьці будуць рабіцца адпаведныя захады».

Радыё Свабода

Глядзі яшчэ:
Затрыманы Зьміцер Жалезьнічэнка
Альма ня матэр
Прафкам студэнтаў прагалаваў за адлічэньне
Жалезьнічэнку аднавілі ва ўнівэрсытэце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?