На 35 жыхароў Нагара на востраве Сікоку прыходзіцца 150 лялек, распавядае Reuters.
Праблема вымірання вёсак востра стаіць перад Японіяй: насельніцтва краіны старэе, а моладзь пакідае вёскі дзеля жыцця ў горадзе. У Нагара вырашылі праблему радыкальна: замянілі частку жыхароў на пудзілы.
Лялек з тканіны, дрэва і газет робіць 65-гадовая Цукімі Аяна. З 13 год яна рабіла пудзілы са звычайным прызначэннем — каб адпужваць птушак. Але з цягам часу яна захапілася стварэннем персанажаў. Многія пудзілы створаныя «па матывах» людзей, якіх Аяна ведала асабіста.
Створаныя ёй лялькі «вучацца» ў школе, чакаюць аўтобус на прыпынку альбо проста сядзяць у звыклых і нязвыклых месцах.
Жыхарам Нагара ініцыятыва Аяна падабаецца. Часам яны просяць жанчыну зрабіць ляльку, падобную да іх памерлых родзічаў ці дзяцей, якія з’ехалі ў горад.