Служба бяспекі Украіны апублікавала на сваёй старонцы запіс чарговага допыту расійскіх жаўнераў, якія патрапілі ва ўкраінскі палон падчас баёў у раёне Ілавайска летам 2014 года, паведаміў на сваёй старонцы камандзір батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка.

«Вайскоўцы РФ, якіх узялі ў палон байцы «Данбаса» пры выхадзе з Ілавайска. Чарговы доказ прысутнасці войскаў РФ на Данбасе», — напісаў Сяменчанка.

На відэа палонныя называюць свае імёны і імёны па бацьку (прозвішчы СБУ заглушыла), а таксама баявыя адзінкі, у якіх служаць. Гэта 31 дэсантна-штурмавая брыгада і 6 асобная танкавая брыгада.

«Мамы, таты, глядзіце, вашыя дзеці тут. Яны жывыя і здаровыя. Калі ў нас атрымаецца, мы выведзем іх адсюль жывымі і здаровымі. Зразумейце нас, нам непатрэбная лішняя кроў. Але вы там у Расіі пастарайцеся, каб іншыя такія дзеці не прыехалі на гэтую зямлю», — кажа ў канцы ўкраінец, які вёў допыт.

Пад Ілавайскам у канцы жніўня 2014 году танкавыя і матастралковыя часткі расійскай рэгулярнай арміі нанеслі контрудар па наступаючых украінскіх войсках. У выніку РФ уратавала свае марыянетачныя ўтварэнні «ДНР» і «ЛНР», якія тады стаялі на мяжы поўнага знішчэння, і адкінула ўкраінцаў прыкладна на сённяшнія пазіцыі.

Украінцы прарываліся з аточанага расейцамі Ілавайска і падчас прарыву захапілі некалькі палонных, допыт якіх патрапіў на відэа. Потым расейцаў вярнулі ў РФ, паведаміў афіцэр «Данбаса» М. Беляўцоў.

Раней эксперты і СМІ, як заходнія і ўкраінскія, гэтак і расійскія, неаднаразова адзначалі наяўнасць расійскіх войскаў і цяжкіх узбраенняў на баку антыўкраінскіх сіл на ўсходзе Украіны.

Летам 2014 года ва ўкраінскі палон патрапіла яшчэ адна група расійскіх жаўнераў з бранятэхнікай, якая потым была абмененая на ўкраінскіх палонных. Мінабароны РФ спачатку адмаўляла факт наяўнасці расійскіх жаўнераў на Данбасе, потым прадстаўнік установы заявіў, што яны трапілі ва Украіну «выпадкова». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?