Глядзеў, глядзеў я на гэтую «антыПЭНаўскую» «дыскусію», што разгарнулася ў нашых СМІ, і не вытрымаў. 

Як гаворыцца — не магу маўчаць. З гэтай серыі.

Так выйшла, што гэтае «вар'яцтва» нейкім бокам закранула і мяне. Хоць і не па прамой траекторыі.

9 сакавіка ў Бабруйску праходзіў літаратурны вечар Андрэя Хадановіча, паэта, старшыні ПЭН-цэнтра.

І тыя, хто гэтую гісторыю і раздзьмуў (то бок — з таго самага СМІ), хто непрафесійна і неэтычна выдраў з кантэксту слова «дыскрымінацыя», — здолелі за 20 хвілін двойчы перашкодзіць гэтай імпрэзе.

Спачатку — па тэлефоне. Патэлефанаваўшы Хадановічу перад самым пачаткам імпрэзы, а потым — «прымчаўшыся» ужо асабіста на вечар, выйшаўшы на «сцэну» да паэта са словамі: «Нам трэба вас забраць для каментароў!»

Не паверыў бы, калі б сам не быў арганізатарам гэтага вечара і не бачыў усё на ўласныя вочы…

Гэта ўжо з «оперы» пад назвай: «Трымайце дах абедзвюма рукамі».

Каб не было якіх-небудзь пытанняў, скажу адразу: у незалежнай журналістыцы я з пачатку 90-х, рэдактарам працую 20 гадоў, і сёе-тое разумею.

Напрыклад, тое, як і што трэба рабіць, каб заставацца ў рамках і агульначалавечай, і прафесійнай этыкі, калі рыхтуеш матэрыял для СМІ.

І вось я, «шматгадовы» рэдактар, кажу: тое, чаму я быў сведкам — спачатку на сайце «аднаго незалежнага» СМІ, а потым і асабіста, — гэта і непрафесійна, і неэтычна.

Цяпер — аб прэс-рэлізе «ПЭН-цэнтра».

Зразумела, што гаворка ў ім ідзе толькі пра роўныя магчымасці для беларускіх літаратараў. Якія магчымасці? Удзельнічаць у конкурсах, публікавацца і г.д. Не важна, пішуць яны па-беларуску ці па-руску.

Калі вам вядома, у нас ва ўсіх быў даволі працяглы савецкі перыяд, а да таго — больш за сто гадоў «імперыі». І многім «собіла» жыць у рускамоўным асяроддзі, між іншым.

Выклікаю агонь на сябе.

Я нарадзіўся ў апошні год 60-х, у цалкам рускамоўным Бабруйску (тры вайсковыя гарадкі, шмат «перамешчаных» асобаў…), – у тым Бабруйску, што ў такой жа рускамоўнай Усходняй Беларусі… І ў мяне не было ні адзінага шанцу… І што? Загадаеце мне несці адказнасць за маё савецкае дзяцінства ў рускамоўным асяроддзі, за палітыку русіфікацыі, за ўчынкі «партыі і ўрада»?

Можа, мне яшчэ ўзяць на сябе адказнасць за тры падзелы Рэчы Паспалітай?.. Разумею, што многім хацелася б кагосьці ў гэтым абвінаваціць. Але тут яны, як бачна, прамахнуцца на 200 гадоў…

Так, я вельмі доўга пісаў па-руску, цяпер, як і многія, — білінгв. Таму што — прыйшло разуменне сваёй гісторыі, пачуцце мовы і г.д.

І — у якасці «рэабілітацыі» неафіта — мае словы аб гэтым:

Калі я размаўляю па-беларуску,
У мае жылы ўваходзіць сама Гісторыя,
Я раблюся шляхетным — у шляхетным адзенні, —
Як таму і трэба быць…
Шэсцьсот гадоў або сямсот,
Усе Рады, гербы, сцягі і штандары,
Усе надзеі і летуценні,
Уся старадаўняя Літва,
Што зараз завецца Беларуссю;
Сінія Воды, Грунвальд, Ворша і Ула,
Гусоўскі, Скарына, Купала і Багдановіч, –
Усё гэта праходзіць перада мной і праз мяне,
І робіцца маёй беларускай душою…
Калі я размаўляю па-беларуску…

Але, зразумелая справа, мне не хочацца адмаўляцца ад свайго мінулага «жыцця ў літаратуры».

Гэта ж усё — культура. Тут няма ніякага Сталіна-Пуціна, толькі культура.

Сучасны «матыў», — у параўнанні з Украінай, але — з «перакладаннем» на наш лад: калі гаворка ідзе пра тое, каб аддаць жыццё за Радзіму — калі ласка, ніхто не будзе пытацца, на якой мове размаўляеш (а шмат хто размаўляе там па-руску)…

А вось у літаратуры павінна быць па-іншаму? Рускамоўныя літаратары — прэч? Прэч ад нашых конкурсаў, прэмій і да таго падобнага?..

Вернемся да пачатку размовы.

Так, у «ПЭНаўскім» прэс-рэлізе можна было б замяніць слова «дыскрымінацыя» на… «роўныя ўмовы», скажам.

Ці задаволіла б гэта словазлучэнне «крытыкаў»?

Не, вядома. Таму што справа не ў гэтым слове, а ў свядомасці, у светапоглядзе…

Дарэчы, гэтая сітуацыя з прэс-рэлізам «ПЭН-цэнтра» — добрая праверка на дэмакратычнасць. Тут адразу відаць, хто дэмакрат да мозгу касцей, а хто «пакоцаны» ўсё ж такі аўтарытарызмам.

Вось, чытаю я гэты прэс-рэліз у якасці рэдактара: добра напісана, лагічна, адно ідзе за іншым і г. д.

Чытаю як праваабаронца (амаль з 15-гадовым стажам): ніякіх пытанняў, усё, як і павінна быць.

І — як праваабаронца — я добра разумею: калі пачынаецца такое вось дзяленне, — гэтым дамо, бо «свае», гэтым не, бо не свае, тады пачынаецца ўсё… Усё тое, чаго мы б і хацелі пазбегнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?