Часопіс «Таймер» апублікаваў першую беларускую фотасесію з мадэлямі plus size. Фота з'явіліся і ў сацсетках.

KANAPLEV+LEYDIK

KANAPLEV+LEYDIK

Адны падтрымліваюць дзяўчат і пішуць, што ў Беларусі большасць жанчын поўныя, таму даўно пара было паказаць рэальную карціну. Іншыя накінуліся з абвінавачваннямі, што мадэлі прапагандуюць атлусценне, і замест фотасесіі ім варта было б запісацца ў трэнажорную залу.

Так у чарговы раз разбіўся міф пра талерантных беларусаў.

Фотасесія была зробленая для мінскага брэнда скураных аксесуараў і торбаў. Дызайнер Мілана Хасіневіч кажа: ідэя заключалася ў тым, каб паказаць, што любая жанчына можа адчуваць сябе прыгожай.

«Мы правялі кастынг у інтэрнэце, — распавядае яна. — Атрымалі вельмі шмат заявак і фота. У выніку адабралі дзве мадэлі — Вольгу Лукомскую і Дар'ю Меметаву».

Абедзве дзяўчыны з Беларусі. Вольга апошнія тры гады жыве і працуе ў Маскве. Яна прафесійная фотамадэль plus size. Дар'я па прафесіі лекар-рэнтгенолаг, да гэтага мела невялікі вопыт удзелу у фотаздымках.

Голас народа: «Гэта ніякія не дзяўчынкі, а тоўстыя каровы»

Абмяркоўваючы фота напаўаголеных мадэляў у сацсетках, многія падтрымалі смелых дзяўчат, але знайшліся і тыя, хто палічыў іх учынак амаральным. Не таму што напаўголыя, а таму што нестандартныя.

«50% жанчын у любой краіне поўныя, — піша ў Фэйсбуку кіраўніца рэстарана Алена Мароз. — І што, цяпер хавацца і не быць прыгожай?»

«Гледзячы на рэкламу, першая думка — запісацца ў трэнажорку, але ніяк не купіць сумку, — лічыць супрацоўнік кампаніі па продажы электроннага абсталявання Алена Смірнова. — Атлусценне ў маладой дзяўчыны — прыкмета ці гарманальнага парушэння, ці таго, што яна жарэ і не можа спыніцца. Прабачце за грубасць».

Таго ж меркавання прытрымліваецца і журналіст «СБ. Беларусь Сегодня» Раман Рудзь.

«Гэта ніякія не дзяўчынкі, а тоўстыя каровы, у якіх не хапае розуму, волі і паняцця аб гігіене харчавання, каб элементарна сачыць за сабой. Затое ляноты і абжорства ў лішку. Узводзіць гэтыя недахопы ў добрыя якасці — тое ж самае, што апраўдваць забойцаў, таму што яны не балюча зарэзалі свае ахвяры, — напісаў журналіст у Фэйсбуку, каментуючы фота мадэляў. — Я, дарэчы, папрацаваў над сабой. Са 103 кг да 84 цяпер. Успамінаючы, як гэта нялёгка далося, я асабліва раздражняюся ўсхваленнем таўстух. Аказваецца, мне не варта было напружвацца… дастаткова было прыкрыцца сумачкай ад Killtoday, і вось я прыгажун».

Эксперт: толькі 2% дзяўчат могуць выглядаць, як худыя мадэлі

Эксперт па гендэрных пытаннях Ірына Саламаціна лічыць, што такая рэакцыя выклікана тым, што звыклей ў рэкламе бачыць вобразы тонкіх, прывабных мадэляў.

«А тут у Беларусі, фактычна першы раз, нам паказваюць тоўстых жанчын і прапануюць абмеркаваць іх прывабнасць, — адзначае яна. — Больш за тое, існуе вялікая колькасць рэкламнай прадукцыі аб пахуданні, якая сцвярджае, што прыгажосць і поспех могуць быць дасягнутыя толькі стратай вагі і дасягненнем пэўнай «нормы». Усё гэта фармуе ўстойлівыя, часта прадузятыя і негатыўныя ўяўленні аб поўных людзях. Калі ты стройны, ты баішся паправіцца. Калі ты трохі поўны, то ўзнікае непераадольнае жаданне схуднець і быць худым».

Па словах эксперта, праблема заключаецца ў тым, што толькі 2% жанчын і дзяўчат могуць выглядаць, як худыя мадэлі, якія лічацца увасабленнем прыгажосці. Астатнія праводзяць сваё жыццё ў незадаволенасці сваёй уласнай знешнасцю, якая моцна адрозніваецца ад той, што прадстаўлена ў глянцавых часопісах.

На думку Ірыны Саламацінай, такія фотасесіі спрыяюць разбурэнню стэрэатыпаў у грамадстве:

«Можна ўспомніць спявачку Бэт Дзіці, якую называюць «шыкоўна тоўстая». Яна вяла рубрыкі ў музычных часопісах, затым трапіла на парыжскі «Тыдзень моды», дзе ўладкавалася ў першым шэрагу са сваім памерам XXL ў цюлевай сукенцы ад Fendi і сапсавала выхад худых мадэляў. Бэт Дзіці, спявачка, якая разбіраецца ў модзе, нікому не дазволіць сябе пакрыўдзіць».

І хоць фота поўных дзяўчат у модных часопісах пакуль у навінку для Беларусі, у свеце склалася цэлая індустрыя мадэльнага бізнесу plus size.

«Пашыраюцца мяжы вызначана зададзенай нарматыўнай прыгажосці, звязанай з хударлявасцю, — кажа Ірына Саламаціна. — Сёння індустрыя моды стала ўлічваць не толькі памер XXL, але, напрыклад, і жанчын з асаблівасцямі. Успомнім Ангеліну Уэльскую з Мінска — першая мадэль з ДЦП на паказе «Мода без межаў» Fashion Week у Маскве».

Эксперт лічыць, што дзякуючы гэтай разнастайнасці мы можам развіваць сваё ўласнае ўяўленне аб прыгажосці і вучыцца адчуваць сябе камфортна ў нашых целах.

Фотамадэль: мы не спрабавалі прапагандаваць атлусценне

Адна з удзельніц фотасесіі, якая выклікала неадназначную рэакцыю, Вольга Лукомская адрэагавала на водгукі ў сеціве.

«Чытаючы каментары, я крыху здзівілася, чаму некаторыя людзі палічылі, што мы спрабавалі прапагандаваць атлусценне і заахвочваць яго! Гэта поўная бязглуздзіца і смешна! Асабіста я хачу, каб жанчыны і дзяўчаты, якія маюць праблемы з лішкам вагі, убачылі, нарэшце, што гэта не смяротна — быць поўнай! І сапраўды магу сказаць, што з гэтым можна жыць, і прычым быць вельмі прыгожай для сябе і навакольных! Вельмі важна любіць і верыць у сябе, у любым памеры адзення, гэта адносіцца і да худзенькіх дзяўчат, — піша Вольга. — Але важна разумець, што залішняя паўната — гэта дрэнна менавіта для вашага здароўя, а не для настрою. Калі ў цябе вялікая вага, ты проста абавязаная з ёй змагацца, менавіта для сябе, а не для кагосьці!»

KANAPLEV+LEYDIK

KANAPLEV+LEYDIK

Яшчэ чатыры гады таму Вольга важыла 115 кг і насіла 60 памер адзення: «Цяпер мой памер 52-54, і гэта мая асабістая маленькая перамога. Цяпер я знаходжуся ў працэсе пахудання. Мая мэта — прыкладна 48 памер».

Вольга Лукомская прымала ўдзел у вядомым расійскім ток-шоў «Давай пажэнімся» (на відэа — з 23:40).

Яна падзялілася, што ўсё жыццё была «у целе», як і яе бацькі. «Быць поўнай — гэта не загана і не страшна, — заявіла яна. — Усё роўна, якога ты памеру, важна, хто ты».

Дызайнер Мілана Хасіневіч лічыць, што негатыўныя каментары адлюстроўваюць комплексы і незадаволенасьць людзей, якія іх напісалі:

«У кожнага з нас ёсць мама, бабуля ці іншы чалавек з лішняй вагой, чаму ж тады мы адштурхоўваем людзей на фота? Любая жанчына можа адчуваць сябе прыгожай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?